Мінск 09:19

У Вільнюсе затрыманыя трое падазраваных у кантрабандзе цыгарэт з Беларусі

9 кастрычніка, Позірк. Пра затрыманне ў Вільнюсе трох жыхароў Літвы за дачыненне да кантрабанды цыгарэт з Беларусі паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) пры МУС балтыйскай дзяржавы.

Верагодна, служба зладзіла засаду на канкрэтных падазраваных.

Паводле даных ведамства, рана раніцай 8 кастрычніка супрацоўнікі САДМ у мікрараёне Пашылайчай заўважылі аўтамабілі Mercedes-Benz і BMW X5, якія заехалі на тэрыторыю гаражнага масіву. Праз некалькі хвілін памежнікі паспрабавалі спыніць аўтамабілі, якія выязджалі. Кіроўца BMW X5 не падпарадкаваўся патрабаванню, пратараніў аўтамабіль САДМ і паспрабаваў з’ехаць.

Для спынення пазадарожніка памежнік, які знаходзіўся ў засадзе, ужыў зброю з газавым зарадам. Кіроўца працягнуў рух, але неўзабаве быў затрыманы ў двары аднаго са шматкватэрных дамоў. Ім аказаўся 25-гадовы жыхар Вільнюса.

Каля гаражоў таксама быў затрыманы 38-гадовы жыхар Шальчынінкскага раёна, які кіраваў Mercedes-Benz. Пры аглядзе некалькіх гаражоў было выяўлена каля 36 тыс. пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі. Дакладная іх колькасць і віды ўстанаўліваюцца.

“Выяўленыя рэшткі паветранага шара дазваляюць меркаваць, што нелегальныя цыгарэты з Беларусі былі дастаўленыя паветранымі шарамі”, — гаворыцца ў рэлізе.

Пазней у двары аднаго з дамоў у вільнюскім раёне Пашылайчай памежнікі затрымалі яшчэ аднаго падазраванага — 34-гадовага жыхара Шальчынінкскага раёна ў аўтамабілі VW Passat. Паводле даных САДМ, ён таксама можа быць звязаны з перавозкай падакцызных тавараў.

Усе затрыманыя змешчаныя ў ізалятар: “Вырашаецца пытанне аб абранні ім мер стрымання”.

Пагегяйская памежная застава пачала дасудовае расследаванне па факце незаконнага абароту падакцызных тавараў. Расследаваннем кіруе пракурор Вільнюскай акруговай пракуратуры.

Паведамляецца, што за гэтае злачынства ў Літве прадугледжаны штраф альбо пазбаўленне волі на тэрмін да васьмі гадоў. 

Падзяліцца: