Мінск 11:32

У студзені — жніўні Беларусь была на перадапошнім месцы ў ЕАЭС па дынаміцы прамысловай вытворчасці

Фота: МЗС РФ

9 кастрычніка, Позірк. У студзені — жніўні 2026 года вытворчасць прамысловай прадукцыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе павялічылася ў гадавым вымярэнні на 0,3%, вынікае са звестак Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Рост зафіксаваны: у Кыргызстане — на 8,8%, Арменіі — на 7,4%, Казахстане — на 2,8%, Беларусі — на 0,2%; у Расіі паказчыкі за год не змяніліся.

Прамысловая вытворчасць у Беларусі ў студзені — жніўні 2026 года ў бягучых цэнах склала 146 млрд рублёў — на 0,2% больш, чым за восем месяцаў 2025-га, сведчаць даныя Белстата.

У студзені прамвытворчасць скарацілася на 3,4%, студзені — лютым — на 3,7%, студзені — сакавіку — на 3,4%, студзені — красавіку — на 2,5%, студзені — траўні — на 1,4%, студзені — чэрвені — 0,7%; у студзені — ліпені павялічылася на 0,1%.

Раней паведамлялася, што ў жніўні прамысловая прадукцыя патаннела на 0,2% у параўнанні з ліпенем, з пачатку 2026 года — падаражэла на 4,1%.

Кошт інвестыцыйных тавараў павялічыўся на 0,8% і 3,1% адпаведна: прамежкавых — на 0,2% і 5,5%, спажывецкіх — на 0,2% і 2,5%.

Па выніках студзеня — жніўня 2026 года аб’ём складскіх запасаў прамысловай прадукцыі ў грашовым выражэнні склаў 11 млрд 25 млн 128 тыс. рублёў — на 1,7% менш, чым за восем месяцаў 2025-га (11 млрд 215 млн 770 тыс.), і ў 2,1 раза больш, чым за той жа перыяд 2021-га (5 млрд 253 млн 671 тыс.), сведчыць праведзены “Позiркам” аналіз даных Белстата.

Сітуацыя ў гадавым вымярэнні палепшылася ў Гродзенскай і Мінскай абласцях — зніжэнне запасаў на 5,9% у кожнай (з 1 млрд 509 млн 685 тыс. да 1 млрд 421 млн 142 тыс. і з 2 млрд 708 млн 423 тыс. да 2 млрд 548 млн 502 тыс. адпаведна), а таксама ў Мінску — на 3,4% (з 2 млрд 369 млн 197 тыс. да 2 млрд 288 млн 252 тыс.).

Негатыўная дынаміка зафіксаваная ў Віцебскай вобласці — рост на 11,2% (з 1 млрд 107 млн 140 тыс. да 1 млрд 231 млн 378 тыс.), Брэсцкай — на 4,7% (з 1 млрд 434 млн 271 тыс. да 1 млрд 501 млн 205 тыс.), Гомельскай — на 3,9% (з 1 млрд 14 млн 951 тыс. да 1 млрд 54 млн 918 тыс.), Магілёўскай — на 0,2% (З 978 млн 20 тыс. да 979 млн 731 тыс.).

Паводле даных Белстата, прамысловая вытворчасць у 2025 годзе ў бягучых цэнах склала 208 млрд рублёў.

Падзяліцца: