Мінск 10:21

Ціханоўская: Ва ўніверсітэтах павінны вучыць думаць і развівацца, а не маўчаць

17 лістапада, Позірк. Пра ціск на беларускіх студэнтаў і ўзмацненне ідэалагічнага кантролю ў ВНУ заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў звароце з нагоды Міжнароднага дня студэнтаў 17 лістапада.

“Студэнцтва — гэта вельмі важны час у жыцці чалавека, — цытуе палітыка яе прэс-служба. — З аднаго боку, гэта магчымасць навучыцца тонкасцям будучай прафесіі, але з іншага — гэта час, калі чалавек упершыню сутыкаецца з дарослым жыццём, атрымлівае больш самастойнасці і адказнасці. Гэта час задаваць пытанні, спрачацца, шукаць адказы, знаходзіць аднадумцаў і вырашаць, якім будзе жыццё”.

Паводле яе слоў, універсітэт павінен быць месцам, “дзе не баяцца думаць, дзе цэняць розныя погляды і дапамагаюць раскрыць свае здольнасці”: “Але сёння ў Беларусі студэнты часта сутыкаюцца не з падтрымкай, а з ціскам. Іх могуць адлічыць за грамадзянскую пазіцыю, запалохваць і пераследаваць за погляды і сувязі з незалежнымі ініцыятывамі. Універсітэцкае жыццё падпарадкоўваюць ідэалагічнаму кантролю, а замест падтрымкі і свабоднай дыскусіі маладыя людзі сутыкаюцца з цэлым шэрагам абмежаванняў”.

Палітык нагадала, што ў красавіку беларускія ўлады прызналі Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільнюсе “экстрэмісцкай арганізацыяй”. Пасля гэтага ў Беларусі прайшло больш за 60 ператрусаў, паводле звестак праваабаронцаў, хваля рэпрэсій закранула не менш за 175 чалавек, у тым ліку студэнтаў, выпускнікоў, супрацоўнікаў ВНУ і іх сваякоў: “Гэта пераслед моладзі, якая проста хоча атрымаць адукацыю і будаваць сваю будучыню”.

Ціханоўская таксама звярнула ўвагу на абавязковае двухгадовае размеркаванне выпускнікоў, якія вучыліся за кошт бюджэтных сродкаў, адзначыўшы, што часцяком яны не могуць самастойна выбраць месца працы.

Акрамя таго, звярнула ўвагу дэмлідар, універсітэты “абавязаны штомесяц праводзіць два-тры мерапрыемствы з ідэалагічнага календара і даваць справаздачу пра іх”. За апошнія гады ваенныя кафедры адкрыліся ў чатырох універсітэтах, у некалькіх ВНУ дзейнічаюць цэнтры навучання кіраванню беспілотнікамі, дадала яна.

“Няўжо гэта мы ўяўляем, калі думаем пра “шчаслівыя студэнцкія гады”?” — задалася пытаннем Ціханоўская. — Універсітэты — гэта месцы навукі і развіцця, а не інструменты дзяржаўнага кантролю. Там павінны вучыць думаць і развівацца, а не маўчаць. Студэнты — гэта людзі, ад якіх залежыць будучыня Беларусі. І наша задача — стварыць краіну, у якой яны захочуць вучыцца, працаваць, ствараць новае і заставацца”.

Міжнародны дзень студэнтаў адзначаецца 17 лістапада ў памяць пра падзеі 1939 года ў акупаванай нацысцкай Германіяй Чэхіі. Пасля студэнцкіх выступленняў акупацыйныя ўлады закрылі чэшскія ВНУ, пакаралі смерцю дзевяць прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, больш за тысячу студэнтаў адправілі ў канцлагер Заксенхаўзен. У 1941 годзе на міжнароднай сустрэчы студэнтаў у Лондане гэтая дата была абвешчаная Міжнародным днём студэнтаў. 

Падзяліцца: