Мінск 22:05

Лукашэнка пацвердзіў, што Коўл ставіў пытанне новых затрыманняў пасля вызвалення палітвязняў

Ілюстрацыя: pixabay.com

19 лістапада, Позірк. Амерыканская дэлегацыя на перамовах у Мінску ўздымала пытанне новых затрыманняў з палітычных матываў. Гэта пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка 19 лістапада на нарадзе з судзейскім корпусам, вынікае з паведамлення яго прэс-службы.

Лукашэнка, ва ўласцівай яму грэблівай форме назваўшы тых, хто пакінуў Беларусь праз палітычны пераслед, “збеглымі”, заявіў, што тыя распаўсюджваюць інфармацыю аб новых затрыманнях у краіне.

“Каб мець абменны фонд <…>. Вось такую тэму амерыканцы паднялі перада мной, на што я ім жорстка адказаў, проста рэзка: “Закон парушыць — будзе сядзець“, — адзначыў ён.

“Другое, што я ім тады сказаў: “Я не дапушчу паўтарэння 2020 года”. Мы не можам дапусціць разбурэння краіны <…>. Не будзем гэта рабіць рэвалюцыйным чынам, таму што гэта прывядзе да самага страшнага — грамадзянскай вайны“, — заявіў Лукашэнка.

15 верасня ў Мінску на сустрэчы са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам Лукашэнка ўжо адпрэчваў новыя палітычна матываваныя затрыманні, як і наяўнасць палітвязняў у прынцыпе: “Нашыя “збеглыя“ разганяюць тэму на Захадзе, і вас, адчуваю, пераканалі ў тым, паводле маіх звестак, што мы кагосьці тут адпускаем, але, працягваючы рэпрэсіі, на гэтае месца ў два разы больш затрымліваем людзей. Я хачу публічна вам сказаць, што гэта абсалютная няпраўда”.

Вядома пра пяць публічных сустрэчах Коўла з Лукашэнкам у Мінску, пасля якіх на волю выйшла агулам 464 чалавекі (21 чэрвеня 2025 года — 14, 11 верасня — 52, 12-13 снежня — 123, 19 сакавіка 2026 года — 250, 15-16 верасня — 25). Многіх прымусова вывезлі за мяжу.

У рамках перамоўнага працэсу ЗША саслабляюць санкцыі ў дачыненні да Мінска.

Беларускія дэмсілы ў дыялогу з Вашынгтонам ставяць пытанне працягу рэпрэсій і новых палітычна матываваных затрыманняў у Беларусі.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, на 19 лістапада палітвязнямі прызнана 887 чалавек.

Падзяліцца: