Генпракуратура прапануе стражэй караць бацькоў за ўхіленне ад утрымання дзяцей
19 лістапада, Позірк. Пра неабходнасць перагледзець падыходы да прызначэння пакарання бацькам, якія ўхіляюцца ад утрымання дзяцей, заявіў генеральны пракурор Дзмітрый Гара 19 лістапада на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з судзейскім корпусам.
Як паведаміла прэс-служба Генпракуратуры, прапанова тычыцца і бацькоў, якія не кампенсуюць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне дзяцей. На думку Гары, пакаранне па такіх справах варта ўзмацніць, каб забяспечыць “пры яго адбыванні абавязковае прыцягненне асуджанага да працы і рэальнае спагнанне сродкаў“.
Генпракурор звязаў праблему з адсутнасцю тлумачэнняў пленума Вярхоўнага суда. Паводле яго слоў, з-за разнабою ў судовай практыцы прысуды па гэтай катэгорыі спраў рэгулярна адмяняюцца або змяняюцца, а гэта абцяжарвае спагнанне грошай на ўтрыманне дзяцей.
Асобна Гара звярнуў увагу на выкананне прысудаў, згодна з якімі асуджаным прызначаныя штрафы. Паводле звестках ведамства, у адных выпадках органы прымусовага выканання не спаганяюць штрафы, у іншых — самі суды не накіроўваюць выканаўчыя дакументы. У выніку мінае тэрмін даўнасці выканання прысуду і асуджанага вызваляюць ад пакарання. “Неабходны больш дзейсны механізм судовага кантролю”, — заявіў генпракурор.
Пры гэтым, паводле яго ацэнкі, “у большасці выпадкаў суды выносяць законныя рашэнні, а справы сталі разглядаць хутчэй“.
Артыкул 174 КК устанаўлівае адказнасць за ўхіленне ад утрымання дзяцей або кампенсацыі выдаткаў дзяржавы на іх утрыманне. За нявыплату аліментаў па суду больш за тры месяцы ў годзе прадугледжанае пакаранне ў выглядзе грамадскіх або папраўчых работ, арышту, абмежавання волі да трох гадоў або пазбаўлення волі на тэрмін да аднаго года.
Ухіленне ад кампенсацыі выдаткаў дзяржаве і паўторнае здзяйсненне злачынства цягнуць абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.
Паводле даных Вярхоўнага суда, у студзені-чэрвені 2026 года па арт. 174 КК асуджана 2.534 чалавекі — больш, чым па любым іншым артыкуле Крымінальнага кодэкса. За ўвесь 2025 год па гэтым артыкуле асуджана 5.610 чалавек, у 2024-м — 6.212.
У кастрычніку прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Алена Расолька паведаміла, што пры вычарпанні магчымасцяў спагнання аліментаў судовыя выканаўцы ставяць перад органамі крымінальнага пераследу пытанне аб прыцягненні даўжніка да адказнасці па згаданым артыкуле: “Сёлета праведзеная праверка ў дачыненні да больш за 2,5 тыс. асобаў, і больш за палова з іх прыцягнута да крымінальнай адказнасці“.
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- ЭканомікаНайлепшая дынаміка росту ВРП за дзесяць месяцаў — у Брэсцкай вобласці, найгоршая — у ВіцебскайМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаНезалежнасць суддзяў у Беларусі ёсць канстантай, сцвярджае ЛукашэнкаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа дзесяць месяцаў 2026 года пабудавана на 9,2% менш кватэр, чым годам раней (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка



