Мінск 09:03

ЕАБР захаваў прагноз росту ВУП Беларусі ў 2026 годзе на ўзроўні 2,1%

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

23 лістапада, Позірк. Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) захаваў прагноз росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі па выніках 2026 года — каля 2,1%, вынікае са штотыднёвага макраэканамічнага агляду, апублікаванага 23 лістапада.

Аналітыкі банка звярнулі ўвагу на тое, што рост беларускай эканомікі ў студзені — кастрычніку паскорыўся да 2,1% у гадавым вымярэнні пасля 2% у студзені — верасні.

Асноўным фактарам росту, на іх думку, застаецца ўнутраны попыт, перш за ўсё спажывецкі. Адзначаецца, што ў кастрычніку гадавы прырост рознічнага тавараабароту заставаўся двухзначным чацвёрты месяц запар, а па выніках дзесяці месяцаў паказчык павялічыўся на 8,9% у гадавым вымярэнні.

Спажывецкі попыт, паводле ацэнкі ЕАБР, падтрымліваюць рост рэальных даходаў насельніцтва на 8,2% у студзені — верасні і павелічэнне выдачы спажывецкіх крэдытаў на 22,6% за той жа перыяд.

На фоне мер дзяржаўнага стымулявання паскорыўся рост інвестыцый у асноўны капітал: да 2,6% у гадавым вымярэнні пасля 2,1% па выніках дзевяці месяцаў, адзначылі эксперты.

У макрааглядзе 26 кастрычніка ЕАБР таксама прагназаваў рост беларускай эканомікі па выніках 2026 года прыкладна на 2,1%. Такім чынам, за мінулы месяц ацэнка банка не змянілася.

Пра тое, што ВУП Беларусі ў студзені — кастрычніку 2026 года павялічыўся на 2,1% у параўнанні з тым жа леташнім перыядам, Нацыянальны статыстычны камітэт паведаміў пасля першай ацэнкі паказчыка 17 лістапада.

У студзені эканоміка скарацілася на 1,2% да студзеня 2025-га (23,3 млрд рублёў), у студзені — лютым — на 1,2% да таго ж перыяду мінулага года (43,9 млрд), студзені — сакавіку — на 0,4% (68,2 млрд), студзені — красавіку — вырасла на 0,2% (94,5 млрд), студзені — траўні — на 0,9% (118,6 млрд), студзені — чэрвені — на 1,5% (149,6 млрд), студзені — ліпені — на 2,1% (180,5 млрд), студзені — жніўні — на 1,9% (209,1 млрд), студзені — верасні — на 2% (237 млрд).

Згодна з зацверджанымі ўладамі найважнейшымі эканамічнымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі на 2026 год, рост ВУП Беларусі мае скласці 2,8%.

Падзяліцца: