Мінск 11:52

24 лістапада ў Брэсцкай вобласці зноў правераць сістэму апавяшчэння насельніцтва

Ілюстрацыйнае фота: news9.com

23 лістапада, Позірк. Пра чарговую праверку сістэмы апавяшчэння насельніцтва ў Брэсцкай вобласці, якая мяжуе з Польшчай, а таксама Украінай, дзе ідзе вайна, паведаміла рэгіянальнае ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Выпрабаванні пройдуць 24 лістапада з 12:00 да 13:00.

“Падчас праверкі будуць уключацца электрасірэны, будзе здзейснены перахоп УКХ-FM-вяшчання на тэрыторыі вобласці. Просім грамадзян захоўваць спакой, ніякіх дзеянняў не патрабуецца”, — гаворыцца ў паведамленні.

Згодна з праведзеным “Позіркам” маніторынгам паведамленняў МНС, Брэсцкая вобласць застаецца лідарам паводле колькасці сёлетніх праверак сістэмы апавяшчэння. Там трывожны сігнал выпрабоўвалі 13 і 27 студзеня, 10 і 24 лютага, 10 і 24 сакавіка, 14 і 28 красавіка, 12 і 26 траўня, 9 чэрвеня, 14 і 28 ліпеня, 11 і 25 жніўня, 9 і 22 верасня, 13 і 27 кастрычніка, 10 лістапада.

У Гомельскай вобласці сістэму правяралі 22 студзеня, 26 лютага, 19 сакавіка, 16 красавіка, 28 траўня, 18 чэрвеня, 16 ліпеня, 20 жніўня, 24 верасня, 13–15 кастрычніка і 19 лістапада.

У астатніх рэгіёнах краіны праверкі праводзяцца радзей.

26 сакавіка была праведзена агульнарэспубліканская праверка.

У Беларусі фіксуюцца выпадкі залёту і падзення дронаў, аднак інфармацыі пра тое, што пры гэтым актывуецца сістэма апавяшчэння, няма.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымлівае Расію ў яе вайне супраць Украіны, якая пачалася ў тым ліку з беларускай тэрыторыі 24 лютага 2022 года.

Падзяліцца: