Мінск 18:44

Ціханоўская: Еўрапейскі саюз — гэта будучыня, ў якой мы прагнем застацца назаўсёды

13 верасня, Позірк. Еўрапейскі саюз — гэта будучыня, “да якой мы імкнёмся і ў якой прагнем застацца назаўсёды”, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 13 верасня на плянарным пасяджэнні Еўрапейскага парламента.

Звяртаючыся да еўрадэпутатаў, палітык назвала сітуацыю ў Беларусі “ціхай вайной”, якую вядзе Крэмль з мэтай, падобнай на сваю мэту ва Украіне — ператварыць краіну ў калонію Расіі.

Ціханоўская падкрэсліла, што ў гэтай справе яму дапамагае Аляксандр Лукашэнка, які “па частках прадае незалежнасць”. Яна звярнулася да дэпутатаў з просьбай дапамагчы прыцягнуць Лукашэнку, які не заслугоўвае “нічога, акрамя квітка ў адзін бок у Гаагу”, да адказнасці.

Адзначыўшы, что адважныя беларусы дэманструюць сапраўдную гераічнасць і непераходзячую стойкасць у барацьбе за незалежнасць сваёй краіны, дэмлідар нагадала, што беларускія дэмакратычныя сілы прынялі сумесную дэкларацыю, якая акрэслівае стратэгічную мэту уваходжання Беларусі ў ЕС.

Яна заклікала дэпутатаў падтрымаць рэзалюцыю з прызнаннем еўрапейскіх памкненняў беларусаў, якую ўнёс 12 верасня спецыяльны дакладчык па Беларусі Пятрас Аўштравічус. Таксама Ціханоўская прапанавала вывесці адносіны паміж дэмакратычнай Беларуссю і Еўрапарламентам на новы узровень і “інстытуцыяналізаваць нашу супрацу яшчэ да наступных выбараў у Еўрапейскі парламент”, якія павінны адбыцца ў чэрвені 2024 года.

Падзяліцца: