Хроніка палітычных рэпрэсій за 7 лютага
8 лютага, BPN. Аб новых фактах палітычных рэпрэсій у Беларусі стала вядома 7 лютага.
ЗАТРЫМАННІ
Па падазрэнні ў “распальванні варожасці або варажнечы” (арт. 130 Крымінальнага кодэкса) затрыманы індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Леанюк. Прычынай сталі яго каментары ў месенджары “Тэлеграм” з асуджэннем расійскай агрэсіі ва Украіне (крыніцы: праўласны рэсурс, “Наша Ніва”).
УЗБУДЖЭННЕ КРЫМІНАЛЬНЫХ СПРАЎ
У дачыненні да юрыста аддзела спорту і турызму Баранавіцкага райвыканкама (Брэсцкая вобласць) Мікалая Чарнавуса ўзбуджана крымінальная справа. Сын мясцовага прадпрымальніка і грамадскага актывіста Мікалая Чарнавуса-старэйшага быў затрыманы дома 2 лютага. Па якім артыкуле яго абвінавачваюць, пакуль невядома (“Брэсцкая Вясна”).
СУДЫ ПА КРЫМІНАЛЬНЫХ СПРАВАХ
Былую супрацоўніцу кампаніі “Белагра”, грамадзянку Расіі, палітзняволеную Кацярыну Якаўлеву асудзілі на 1 год пазбаўлення волі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Прыгавор вынес суд Маскоўскага раёна Мінска, справа была ўзбуджана па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) КК (“Вясна”).
Па тым жа артыкуле за ўдзел у акцыях пратэсту суд Цэнтральнага раёна Мінска прыгаварыў палітвязня, былога студэнта Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільнюс) Юрыя Хрысталюбава да 2,5 года абмежавання волі па месцы жыхарства (“Вясна”).
Суд Ленінскага раёна Мінска прыгаварыў Дзмітрыя Бурага да 3 гадоў абмежавання волі таксама па месцы жыхарства. Індывідуальны прадпрымальнік абвінавачваўся ва ўдзеле ў акцыях пратэсту (“Вясна”).
Па выніках разгляду апеляцыйнай скаргі 22-гадоваму грузчыку кандытарскай фабрыкі “Віцьба” Аляксею Грыгаровічу зменены прысуд — з 6 месяцаў пазбаўлення волі ўмоўна на два месяцы арышту. Ён быў асуджаны па арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Раней у судзе ён заявіў, што ў 2020 годзе, будучы вайскоўцам унутраных войскаў, удзельнічаў у падаўленні акцый пратэсту і з’яўляецца прыхільнікам Аляксандра Лукашэнкі (“Вясна”).
8 лютага ў Гродзенскім абласным судзе будзе вынесены прыгавор па справе журналіста і актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Анджэя Пачобута. Яго абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Працэс над палітвязнем пачаўся 16 студзеня і адбываўся ў закрытым рэжыме. Чакаецца, што ў дзень абвяшчэння прыгавору доступ у залу суда будзе адкрыты (“Наша Ніва”).
Мінскі абласны суд у закрытым рэжыме пачаў разгляд справы вядомага лінгвіста Наталлі Дулінай. Былога дацэнта Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, члена Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу абвінавачваюць па ч. 1 арт. 3614
(садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 1 арт. 342 (Партал электроннага судаводства).
10 лютага Вярхоўны суд у закрытым рэжыме разгледзіць апеляцыйную скаргу на прысуд галоўнаму рэдактару “Штодзённіка”, журналісту-расследвальніку Сяргею Сацуку. Мінскі гарадскі суд прыгаварыў 54-гадовага палітзняволенага да 8 гадоў пазбаўлення волі па ч. 2 арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў), ч. 2 арт. 130 і ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару) (Партал электроннага судаводства).
Палітзняволеную Вікторыю Кульшу другі раз будуць судзіць па арт. 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі). Дата суда не паведамляецца. У чэрвені былога інжынера па ахове працы, адміністратара тэлеграм-канала і чата “Кіроўцы 97%” асудзілі па гэтым артыкуле да 1 года зняволення ў дадатак да раней прызначаным 2,5 гады па арт. 342 (“Вясна”).
ІНШЫЯ ФАКТЫ
Асуджаны журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын пасля этапавання ў магілёўскую папраўчую калонію № 15 патрапіў у шпіталь з тэмпературай 39 градусаў. 44-ы дзень сваякі палітвязня не атрымліваюць ад яго лістоў. Івашын прыгавораны да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ўзмоцненага рэжыму па ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) і ч. 1 арт. 179 (незаконныя збіранне або распаўсюджванне звестак аб прыватным жыцці, якія складаюць асабістую або сямейную таямніцу іншай асобы, без яе згоды, якія пацягнулі прычыненне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелага) (жонка журналіста Вольга Івашына).
Суд Шклоўскага раёна (Магілёўская вобласць) 13 лютага разгледзіць справу аб пераводзе 66-гадовага філосафа Уладзіміра Мацкевіча “ў папраўчую ўстанову іншага віду” і “змяненні ўмоў рэжыму”. Мяркуецца, што гаворка ідзе пра перавод палітвязня на турэмны рэжым. Мацкевіч асуджаны на пяць гадоў калоніі па трох артыкулах КК: ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання) і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта) (партал электроннага судаводства).
ПРЫЗНАННЕ “ЭКСТРЭМІСЦКІМІ МАТЭРЫЯЛАМІ”
Кантэнт групы “Клімавічы” ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”, суполкі “Экстрэмістская паказуха (Рудабельская)” у сацсетцы “УКантакце”, ютуб-каналаў “Дзікае Паляванне” і “Жэстачайшы мульт” прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі” (BPN).
На позні вечар 7 лютага ў Беларусі 1.449 палітвязняў (-1 у параўнанні з папярэднім днём).
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Навіны Германіі, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваДзякуючы затрымцы пахаладання мінулым днём на беларускіх метэастанцыях зафіксаваныя чарговыя рэкорды цяпла (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка



