be
Arrow
Мінск 18:52

Пасля чэрвеньскага расколу частка ByPol перайменавана ў BELPOL

5 ліпеня, BPN. Група былых сілавікоў з ByPol перайменавана ў BELPOL.

У прэс-рэлізе, распаўсюджаным 5 ліпеня, зазначаецца, што “назва новая, але мэты ранейшыя”. 

На сходзе супрацоўнікаў арганізацыі былі зацверджаны: новая назва і новы лагатып арганізацыі, напрамкі дзейнасці і агульная стратэгія, праект статута, удасканалены сістэмы адміністрацыйнай бяспекі, новыя падыходы ў рабоце са СМІ і парадак фінансавай справаздачнасці. 

“Што да выключаных з Аб’яднання Сілавікоў Беларусі А.Азарава і С.Лупаносава, паведамляем, што мы спыняем любое супрацоўніцтва з названымі асобамі і фондам BYPOL”, — гаворыцца ў рэлізе. 

Перайменаванне арганізацыі названа “выключна тэхнічным”. “Поўным праваўладальнікам абсалютна ўсіх магчымасцей і інструментаў, як тэхнічных, так і інтэлектуальных, з’яўляецца BELPOL. Юрыдычная назва BYPOL і план “Перамога” застаецца за фондам А.Азарава”, — паведамляе арганізацыя. 

Некалькімі гадзінамі раней ByPol абвясціў аб аднаўленні працы “пасля крызісу, які адбыўся ў чэрвені 2023 года”. 

У тэлеграм-канале арганізацыі гаворыцца, што “мы не толькі збераглі самае каштоўнае — людзей са сваімі ведамі, навыкамі, уменнямі і досведам, але і ўзмацнілі каманду”. 

У пачатку чэрвеня ў ByPol адбыўся публічны скандал. Кіраўнік аднайменнага фонду, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па аднаўленні законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў заявіў аб звальненні “групы асоб” за адмову праходзіць праверку на паліграфе, а таксама абвінаваціў аднаго з іх — Мацвея Купрэйчыка — у крадзяжы ютуб-канала ByPol і акаўнтаў у сацыяльных сетках. 

Група Купрэйчыка ў сваю чаргу заявіла аб звальненні Азарава, а таксама іншага члена аб’яднання Станіслава Лупаносава (абодва раней працавалі ў ГУБАЗіК) з-за “дэструктыўнай дзейнасці і выяўленых парушэнняў з іх боку патрабаванняў бяспекі”. Сцвярджалася, што Азараў “не з’яўляецца і ніколі не быў заснавальнікам або кіраўніком ByPol”, але ўзначальваў створаны ім “для выканання фармальных функцый” аднайменны фонд. 

АПК аб’явіў аб пачатку праверкі “з мэтай вывучэння абставін” сітуацыі ў ByPol, “выпрацоўкі высноў і прыняцця адпаведных рашэнняў”. 

Пазней бакі канфлікту правялі сустрэчу пры пасярэдніцтве АПК. Было вырашана, што аб’яднанне падзеліцца на дзве арганізацыі, іх праца рэарганізуецца.

Падзяліцца: