be
Arrow
Мінск 21:51

МАК запрасіў на Алімпіяду ў Парыжы 203 нацыянальныя камітэты, беларускага і расійскага сярод іх няма

26 ліпеня, BPN. Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) накіраваў 203 нацыянальным камітэтам афіцыйнае запрашэнне ўзяць удзел у 33-х Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць у 2024 годзе ў Парыжы.

З паведамлення прэс-служы МАК вынікае, што на АГ не запрошаныя нацыянальныя алімпійскія камітэты Беларусі, Гватэмалы і Расіі.

Рашэнне пра індывідуальны ўдзел беларускіх і расійскіх спартсменаў у нейтральным статусе будзе прынятае пазней.

Прэзідэнт МАК Томас Бах заявіў, што гэтыя Алімпійскія гульні “будуць больш інклюзіўнымі, маладымі, гарадскімі і ўстойлівымі”. “Гэта будуць першыя Алімпійскія гульні, якія пройдуць з ідэальным гендэрным парытэтам. Такім чынам і ў многіх іншых адносінах мы можам чакаць, што Алімпійскія гульні будуць адпавядаць нашай алімпійскай праграме ад пачатку да канца”, — сказаў ён.

“Місія Алімпійскіх гульняў — аб’яднаць увесь свет у мірным спаборніцтве. У нашым уразлівым свеце, дзе растуць канфлікты, рознагалоссі і войны, мы маем патрэбу ў гэтай аб’яднаўчай сіле больш, чым калі-небудзь. Алімпійскія гульні заўсёды павінны наводзіць масты паразумення і сяброўства”, — дадаў Бах.

Упершыню пра тое, што Беларусь і РФ не атрымаюць афіцыйнае запрашэнне на АГ-2024, было заяўлена 13 ліпеня.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку развязанай супраць Украіны вайны, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Беларусі і РФ. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023-га выканкам гэтай арганізацыі пацвердзіў санкцыі, але адзначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі праз яго пашпарт”.

28 сакавіка МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.

Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расійскія атлеты могуць спаборнічаць “у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў” (без выкарыстання флага, гімна і іншай сімволікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны “актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў” і не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краін.

Гл. таксама:

МАК: Расія і Беларусь не будуць запрошаны на летнія Алімпійскія гульні 2024 года ў Парыжы

Падзяліцца: