Мінск 12:21

Пастанова аб “справядлівых цэнах” у стаматалогіі не будзе распаўсюджвацца на замежнікаў — Мінздароўя

Ілюстрацыйнае фота: coral-dent.kiev.ua

21 лістапада, Позірк. Міністэрства аховы здароўя вызначыла “справядлівыя цэны” на ўсе віды стаматалагічных паслуг, “яны будуць уведзены ў бліжэйшы час ва ўсіх установах аховы здароўя”, паведаміў 21 лістапада пазаштатны стаматолаг ведамства, рэктар Белдзяржмедуніверсітэта Сяргей Рубніковіч.

Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба Мінздароўя, рэгуляванне цэн у гэтай галіне медыцынскай дапамогі ўведзена з улікам распрацаваных “новых нормаў часу і расходных матэрыялаў”.

“Нормы ў цэлым знізіліся”, — сказаў Рубніковіч.

“Наступны крок — рэгламентацыя гранічных тарыфаў на паслугі. На дадзены момант створаны цэлы комплекс гранічных тарыфаў. Калі цэны раней рэгуляваліся толькі на артапедычную стаматалогію, зубатэхнічную і прамянёвую дыягностыку, то <…> цяпер вызначаны справядлівыя цэны на ўсе віды паслуг”, — сказаў прадстаўнік Мінздароўя.

Начальнік упраўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, цэнаўтварэння і дзяржаўнай маёмасці ведамства Дзмітрый Калістратаў у сваю чаргу паведаміў пра факты “неабгрунтаванага завышэння цэн на стаматалагічныя паслугі, неабгрунтаванага атрымання даходаў і вываду гэтых сродкаў за межы рэспублікі”.

“У сувязі з гэтым Мінздароўя было ўпаўнаважана на ўзмацненне жорсткасці рэгулявання цэн на стаматалагічныя паслугі. Былі распрацаваны гранічныя максімальныя тарыфы на ўвесь спектр стаматалагічных паслуг, якія зацверджаны пастановай міністэрства”, — заявіў Калістратаў.

На яго думку, рэгуляванне цэн накіравана “ў першую чаргу на павышэнне даступнасці медыцынскіх паслуг для насельніцтва рэспублікі”.

“Аналіз, праведзены экспертамі, паказвае, як знізяцца дзеючыя тарыфы. Так, пасля ўступлення ў сілу пастановы такая паслуга, як выдаленне малочнага зуба, у сярэднім стане танней на 33% (было 127 рублёў, стане 85,6), складанае выдаленне — на 42% (479 — 278), лячэнне сярэдняга карыесу — на 47% (163 — 86,4)”, — адзначыў прадстаўнік міністэрства.

Ён таксама заявіў, што “эканоміка арганізацый камерцыйнага сектара складваецца не толькі за кошт цэнавай палітыкі”. “Неабходна будзе вярнуцца да пытання зніжэння ўзроўню выдаткаў на аказанне медыцынскіх паслуг у стаматалогіі”, — дадаў Калістратаў.

Паводле яго слоў, Мінздароўя пры гэтым разлічвае, што “камерцыйны сектар будзе арыентаваны на экспартнае развіццё”, бо “пастанова не будзе распаўсюджвацца на замежных грамадзян”.

Раней 21 лістапада Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што “кардынальнае рашэнне па зніжэнні неабгрунтавана высокіх тарыфаў на стампаслугі” прынята па выніках “кантрольных мерапрыемстваў упаўнаважаных органаў”, у тым ліку Камітэта дзяржкантролю.

У ходзе гэтых мерапрыемстваў, гаворыцца ў рэлізе ведамства, летам 2023 года былі выяўлены “неабгрунтавана высокія тарыфы на стаматалагічныя паслугі, якія ўстанаўліваюцца асобнымі прыватнымі клінікамі”.

На сёння, удакладняецца ў паведамленні, распрацаваны “праект пастановы і інструкцыі, у якіх устаноўлены гранічныя максімальныя тарыфы” на ўвесь комплекс стаматалагічных паслуг.

Сцвярджаецца, што новаўвядзенне набудзе моц да канца 2023 года, што “дазволіць арганізацыям аховы здароўя прывесці дзейныя прэйскуранты ў адпаведнасць з пастановай”.

6 кастрычніка 2022 года на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева заявіла, што Белстат лічыць мэтазгодным “устанавіць дзяржаўнае рэгуляванне цэн для суб’ектаў гаспадарання, пачынаючы ад вытворцаў і заканчваючы гандлёвымі сеткамі”.

У той жа дзень Лукашэнка падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”. Свае дакументы прынялі ўрад, Камітэт дзяржкантролю, Генпракуратура. Тыя, хто павысіць цэны без санкцыі міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю альбо старшыні аблвыканкама (Мінгарвыканкама), будуць несці адказнасць аж да крымінальнай, заявіў Лукашэнка.

Пастановай урада ад 19 кастрычніка мінулага года № 713 года было ўведзена рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней з яго былі выключаныя некаторыя групы тавараў.

Падзяліцца: