Мінск 10:37

Перадвыбарчая кампанія ў Беларусі пачалася ва ўмовах бесперапынных рэпрэсій — праваабаронцы

Фота мае ілюстрацыйны характар
Крыніца: unsplash.com / Arnaud Jaegers

5 снежня, “Позірк“. Перадвыбарчая кампанія ў Беларусі “пачалася ва ўмовах бесперапынных рэпрэсій”, гаворыцца ў першай справаздачы “Праваабаронцаў за свабодныя выбары” (ініцыятыва цэнтра “Вясна” і Беларускага Хельсінкскага камітэта) пра сітуацыю ў краіне напярэдадні выбараў у парламент і мясцовыя саветы дэпутатаў у 2024 годзе.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што кампанія пачалася “ва ўмовах фактычнай адсутнасці свабоды выказвання меркавання, мірных сходаў і асацыяцый, у атмасферы татальнага страху і ў зачышчаным палітычным полі”.

“Сродкі прававой абароны, што існуюць, па-ранейшаму неэфектыўныя; адсутнічаюць гарантыі незалежнасці судоў, прадказальнасць ў правапрымяняльнай практыцы. Усё гэта ўжо дазваляе канстатаваць немагчымасць для грамадзян рэалізаваць свае выбарчыя правы”, — адзначана ў дакуменце.

Выбары “абвешчаныя ў створаных уладамі ўмовах татальнага страху за жыццё і здароўе”. Выкананне пакарання па палітычна матываваных справах адбываецца “з ужываннем катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага чалавечай годнасці абыходжання”, падкрэслілі праваабаронцы.

Згодна са справаздачай, свабода слова ў Беларусі “адсутнічае не толькі на ўзроўні асобнага чалавека”, але і на ўзроўні ўсяго медыясектара. Аўтары дакумента адзначылі, што з 2020 года ўлады шырока выкарыстоўваюць крымінальны пераслед як метад ціску на СМІ і журналістаў.

Спалучэнне “абмежавальнага заканадаўства, палітычнай волі і рэпрэсіўнай практыкі” выкарыстоўваецца як “магутны інструмент, каб прымусіць людзей пакінуць краіну”. “Паводле розных ацэнак, ад 200 да 500 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць Беларусь пасля 9 жніўня 2020 года і цяпер — у выніку новых зменаў заканадаўства — пазбаўленыя магчымасці ўплываць на палітыку дзяржавы”, — гаворыцца ў дакуменце.

Праваабароцы падкрэсліваюць, што крымінальны пераслед з палітычных матываў, які ўзмацніўся ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, “захоўваецца на рэпрэсіўным узроўні да сённяшняга дня і працягнецца ў агляднай будучыні”. Гэта азначае, што “любая не санкцыянаваная вертыкаллю ўлады ініцыятыва ўдзелу ў выбарчай кампаніі 2024 года будзе азначаць высокую рызыку палітычна матываванага крымінальнага пераследу”.

“Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі з’яўляецца крытычнай, у такіх умовах немагчыма казаць пра выбары-2024 як пра свабодныя, справядлівыя і дэмакратычныя”, — робяць выснову праваабаронцы.

У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасля яго адбудзецца першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу ў новым статусе.

Падчас выбараў будзе забаронена фатаграфаваць і выкладваць у інтэрнэт запоўнены бланк бюлетэня — як падчас датэрміновага галасавання, так і ў дзень выбараў. За парушэнне гэтага патрабавання пагражае адміністрацыйная адказнасць.

У 2020 годзе на прэзідэнцкіх выбарах многія выбаршчыкі фатаграфавалі свае бюлетэні і адпраўлялі на электронную платформу “Голас”, што стала адным са сведчанняў фальсіфікацыі ўладамі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.

З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЕ.

Падзяліцца: