Мінск 12:34

Мінабароны чакае ў 2024 годзе “прарыў у стасунках” з краінамі Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі

Памочнік міністра абароны Беларусі Валеры Равенка на сустрэчы ў В'етнаме (снежань 2023 года)
Крыніца: прэс-служба Міністэрства абароны

3 студзеня, Позірк. У 2024 годзе “чакаецца прарыў у стасунках з краінамі афрыканскага кантынента, Лацінскай Амерыкі, Усходняй, Паўднёва-Усходняй і Паўднёва-Заходняй Азіі”, заявіў начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва — памочнік міністра абароны Валерый Равенка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Паводле інфармацыі чыноўніка, у 2023 годзе па лініі абароны адбылося 623 мерапрыемствы (“узровень дакавіднага перыяду”), “рэалізаваны задачы старшынства ў АДКБ і працэсу далучэння да ШАС”. Беларусь, адзначыў ён, летась актывізавала супрацоўніцтва з В’етнамам, Індыяй, Іранам, Кітаем, Кубай, а таксама 18 дзяржавамі “далёкай дугі”.

Акрамя таго, у 2023-м “былі выкананыя абавязацельствы” ў сферы кантролю над узбраеннямі, “праведзена 40 сустрэч і акрэдытавана 19 замежных ваенных аташэ з 14 дзяржаў; падпісаны 3 міжнародныя дамовы; перакладзены сотні дакументаў у рамках крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады ВАВ”.

Равенка адзначыў, што цяпер у Мінску акрэдытаваныя “ваенныя аташэ з 31 дзяржавы, 8 з якіх прадстаўленыя дзяржавамі — членамі НАТО”. Ён сцвярджае, што Беларусь “адкрытая для супрацоўніцтва, калі яно заснаванае на раўнапраўных і паважлівых адносінах”.

“2024 год абяцае быць для УС РБ вельмі насычаным: 802 мерапрыемствы міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва (больш на 25%, чым у 2023 г.) з больш чым 30 дзяржавамі свету”, —напісаў памочнік міністра абароны.

Падзяліцца: