Мінск 17:10

Алейнік абмеркаваў з кіраўніком МЗС Індыі вайну ва Украіне

Фота: МЗС Індыі

19 студзеня, Позірк. “Падзеі, якія тычацца ўкраінскага канфлікту”, абмеркаваў 18 студзеня на палях саміту Руху недалучэння ў Кампале (Уганда) міністр замежных спраў Індыі Субраманьям Джайшанкар з беларускім калегам Сяргеем Алейнікавым.

Пра сустрэчу 18 студзеня паведаміла прэс-служба індыйскага знешнепалітычнага ведамства.

Джайшанкар у сацсетцы X (былы “Твітар”) назваў гутарку “карыснай”, адзначыўшы, што гаворка таксама ішла аб супрацоўніцтве краін “у розных галінах”.

МЗС Беларусі пра сустрэчу не паведамляў.

18 студзеня Алейнік прыняў удзел у пятай міністэрскай сустрэчы Групы сяброў у абарону Статута ААН. Галоўным пытаннем у яе парадку стала “сітуацыя ў Палесціне”. Міністр “падкрэсліў прынцыповую пазіцыю Беларусі аб неабходнасці хутчэйшага спынення агню, стварэння базавых умоў для аказання гуманітарнай дапамогі і пабудовы ўстойлівага міру на Блізкім Усходзе”.

4 студзеня, прызначаючы былога старшыню канцэрна “Беллеспаперапрам” Міхаіла Касько паслом у Індыі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адносіны паміж краінамі “дэградавалі”.

“Індыя — велізарная краіна, — сказаў ён. — Я не магу быць задаволены тым станам спраў, якія ў нас складваюцца ў беларуска-індыйскіх адносінах”.

Зрабіўшы ўпор на знешні гандаль, Лукашэнка адзначыў: “Тое, што мы вырабляем, мы спакойна можам і ў Кітаі, і ў Расіі прадаць, у некаторых краінах на далёкай дузе. Але Індыя — велізарны рынак, і мы там былі прадстаўлены, мы там працавалі з часоў Савецкага Саюза. Нам трэба вызначыць асноўныя напрамкі, дзе мы нешта зможам зрабіць, дзе мы будзем перш за ўсё карысныя Індыі. Гэта аснова гэтага плана”.

Паводле дадзеных пасольства Беларусі ў Індыі, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 566,6 млн долараў. На беларускі экспарт прыпала 375,8 млн долраў, на індыйскія пастаўкі — 190,8 млн.

Беларусь адпраўляла ў Індыю калійныя ўгнаенні, трактары, цягачы, грузавікі і розныя кампаненты для аўтамабільнай прамысловасці, цэлюлозу, шкловалакно, лён, сінтэтыку, інтэгральныя схемы, абсталяванне і прыборы і інш. У зваротным кірунку пастаўляліся лекі, фарбавальнікі, прадукты харчавання і іншыя тавары.

Дадзеныя аб гандлі за 2022 і 2023 гады не прыводзяцца.

Падзяліцца: