Мінск 19:25

СМІ: Медыкі, што пацярпелі ад мужчыны з сякерай у Мінску, мусілі даставіць яго ў псіхбальніцу

Ілюстрацыйнае фота: агенцтва "Мінск-Навіны"

10 лютага, Позірк. Медыкі, якія 10 лютага пацярпелі ад мужчыны з сякерай у Мінску, мусілі даставіць яго ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя, паведамляе партал “Зеркало” са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Паводле інфармацыі медыя, спецбрыгаду па перавозцы пацыентаў з псіхічнымі парушэннямі выклікалі ў адзін з прыватных дамоў на вул. Пржэвальскага ў паўднёва-ўсходняй частцы сталіцы. Пацыент — 33-гадовы мужчына, які жыве з бацькам.

Крыніца паведаміла, што гэта быў не першы выклік на гэты адрас. Адметна, што раней бацьку нападніка ўжо прасілі выклікаць брыгаду адразу разам з міліцыяй, бо яго сын “вельмі агрэсіўны”.

На выклік, як піша “Зеркало”, прыбылі фельчары — 42-гадовы Сяргей Савельеў і 30-гадовы Глеб Чарнякоў. Медыкі папрасілі пацыента прайсці за імі, ён паслухаўся. Аднак у нейкі момант мужчына ўдарыў сякерай Чарнякова, а пасля і Савельева, які выцягваў свайго калегу. Яны з’ехалі ў бальніцу, Чарнякоў быў “каламутны і ледзь стаяў на нагах”. Крыніца партала паведаміла, што ў малодшага фельчара “аскольчаты пералом чэрапа”, у старэйшага — “таксама пералом костак чэрапа”.

Другая брыгада хуткай дапамогі, выкліканая бацькам пацыента, прыехала з міліцыяй. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, сілавікі “даставілі хворага ў райаддзел для разбіральніцтва”, а пазней павезлі ў РНПЦ псіхічнага здароўя.

Раней прэс-служба Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што фельчары шпіталізаваныя, у іх “дыягнаставаныя спалучаныя траўмы”, “агульны стан расцэньваецца як сярэдняй ступені цяжкасці”.

Пасля з’яўлення ў СМІ падрабязнасцей здарэння ведамства паведаміла, што ў бальніцы пацярпелых медыкаў наведаў міністр Аляксандр Хаджаеў, ён азнаёміўся з ходам лячэння. Паводле слоў чыноўніка, “напады на спецыялістаў брыгад хуткай дапамогі сустракаюцца ва ўсім свеце”. Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя заявіў, што “трэба не толькі вывучаць досвед іншых краін, але і знайсці магчымасць прымяняць сучасныя тэхналогіі для аховы здароўя медработнікаў”.

У Мінску пацыент напаў з сякерай на брыгаду хуткай дапамогі, два фельчары ў бальніцы

10 лютага, Позірк. У Мінску пацыент напаў з сякерай на брыгаду хуткай дапамогі, якая прыбыла да яго па выкліку, паведаміла 10 лютага прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. Адзначаецца, што два фельчары шпіталізаваныя ў сталічную бальніцу. "У пацярпелых медыцынскіх работнікаў дыягнаставаныя спалучаныя траўмы. Агульны …
Падзяліцца: