Мінск 19:54

Лукашэнка запатрабаваў спыніць “уцёкі за межы краіны” выпускнікоў ВНУ

Крыніца: тэлеграм-канал "Пул Первого"

13 лютага, Позірк. “У мяне ёсць даныя: ледзь не палова студэнтаў сёння незадаволены якасцю адукацыі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 13 лютага на нарадзе з Рэспубліканскім саветам рэктараў.

“Дакладваюць, вы не паспяваеце за тэхналогіямі, маладыя спецыялісты давучваюцца на вытворчасці. А бо мы патрабуем у замоўца гарантаваць першае працоўнае месца. Каму патрэбныя такія “спецыялісты”? — цытуе Лукашэнку неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы. — Але з іншага боку, калі спецыялісты не адказваюць запытам заказчыкаў, то дзе іх удзел у працэсе навучання? Чаму вытворцы самі не ідуць у аўдыторыі? Пытанні ўсім: рэктарам, галіновым міністэрствам, ураду”.

Паводле яго слоў, рэктары ВНУ, якія ў Беларусі не выбіраюцца, а прызначаюцца Лукашэнкам, “закасцянелі да неймавернасці”.

“Нагадаю: вы не камерсанты — вы рэктары ВНУ і думаць абавязаны па-дзяржаўнаму. У першую чаргу вы павінны рыхтаваць кадры пад патрэбнасць айчыннага рэальнага сектара”, — дадаў ён.

На думку Лукашэнкі, “сістэмнай працы Мінэканомікі, Мінпрацы і Мінадукацыі” ў гэтым пытанні “не бачна”.

“Мы амаль год прысвяцілі самым вострым пытанням адукацыі — прынялі канчатковыя рашэнні па арганізацыі ўступнай кампаніі ў ВНУ, разабраліся са школьнай адукацыяй. У гэтай тэме паставілі кропку. Цяпер дашліфоўвайце падыходы. Сёння стаіць задача — ускалыхнуць ВНУ”, — заявіў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, да 1 верасня рэктары павінны прыняць рашэнні, вынікамі якіх стануць “якасныя выпускнікі і адсутнасць усялякіх уцёкаў за межы краіны”.

Ён падкрэсліў пераемнасць беларускай і савецкай вышэйшай адукацыі: “Была рызыка кінуцца ў рэформы і эксперыменты. Нас вельмі актыўна спрабавалі ўцягнуць у іх дзеячы разнастайных замежных фондаў. Рабілася гэта невыпадкова”.

Падзяліцца: