Мінск 14:26

За неабгрунтаванае павышэнне цэн летась накладзена штрафаў на 900 тыс. рублёў — кіраўнік МАРГ Багданаў

Фота: nesvizh-news.by

13 лютага, Позірк. Сістэма цэнавага рэгулявання ўводзілася як “рэакцыя на ўзмацненне санкцыйнага ціску, змяненне сітуацыі ў сусветнай эканоміцы, ускладненне лагістыкі, плацяжоў і іншае”, заявіў у эфіры праграмы “Актуальны мікрафон” на Беларускім радыё міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Аляксей Багданаў.

Паколькі гэтыя фактары захаваліся, адзначыў ён, “адмаўляцца ад цэнавага рэгулявання ў цяперашні час няма сэнсу, бо гэта прывядзе да росту цэн”.

Паводле слоў Багданава, ведамства за мінулы год праверыла 4.413 гандлёвых аб’ектаў на прадмет “захавання правілаў гандлю і цэнавай палітыкі”. За невыкананне другога крытэрыю накладзеныя штрафы на суму больш за 900 тыс. рублёў, што складае двайны памер ад дапушчанага парушэння, паведаміў чыноўнік.

19 студзеня Багданаў заявіў, што МАРГ “ажыццяўляе рэгуляторыку практычна 85% усіх коштаў, якія ёсць на спажывецкім рынку”.

Міністр адзначыў, што сёлета Аляксандрам Лукашэнкам зафіксаваныя “дастаткова жорсткія параметры па інфляцыі” (па выніках года яна не павінна перавысіць 6%. — Позірк“.). Усталяваны паказчык, на думку Багданава, “усё ж такі жорсткі, і выканаць яго будзе нават трошкі складаней, чым летась”.

На фоне планаў утрымання інфляцыі, улады маюць намер захаваць рэжым дзяржрэгулявання коштаў. “Іншага інструмента мы пакуль не прыдумалі”, — сказаў Багданаў.

Паводле яго слоў, пастанова №713 “Аб сістэме рэгулявання цэн” была “складана ўспрынятая” і бізнесам, і дзяржпрадпрыемствамі, але за год яе дзеяння “нічога крытычнага не здарылася”.

“Тавары як былі, так і засталіся. Прадпрыемствы працуюць, кампаніі працуюць, навучыліся па-новаму ажыццяўляць сваю дзейнасць. Так, нейкія тавары сышлі з рынку, замясціліся іншымі, але гэта натуральны працэс, які адбываецца пастаянна па тых ці іншых прычынах. Паводле нашых ацэнак, негатыўнага ўплыву [пастанова аб дзяржрэгуляванні коштаў] не аказала на эканоміку”, — рэзюмаваў кіраўнік МАРГ.

6 кастрычніка 2022 года па выніках праведзенай у той жа дзень нарады Лукашэнка падпісаў дырэктыву № 10 “АБ недапушчальнасці росту цэн”.

19 кастрычніка з’явілася пастанова ўрада № 713 у першай рэдакцыі.

29 снежня 2023 была прынятая чацвёртая рэдакцыя дакумента, згодна з якой без узгаднення з дзяржорганамі дазваляецца павышэнне коштаў не больш чым на 0,3% штомесяц на кантраляваныя тавары (усяго 331 пазіцыя, 124 ставяцца да харчавання, 207 — да нехарчовых тавараў).

За студзень — снежань 2023 года спажывецкія цэны выраслі на 5,8%: харчовыя тавары сталі даражэйшымі на 6,8%, нехарчовыя — на 2,9%, паслугі — на 8,1%.

У студзені 2024 года спажывецкія кошты выраслі на 0,8%.

Падзяліцца: