Мінск 02:28

Эксперты ААН заклікалі беларускія ўлады разгледзець пытанне пра памілаванне анкахворага Кастусёва

Рыгор Кастусёў
Фота: сацсеткі в.а. старшыні Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова

27 лютага, Позірк. Эксперты ААН па правах чалавека заклікалі беларускія ўлады разгледзець пытанне пра замену турэмнага зняволення альтэрнатыўнай формай пазбаўлення волі, змякчэнне пакарання або памілаванне 66-гадовага палітвязня, старшыні дэ-юрэ ліквідаванай Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

У адпаведнай заяве эксперты выказалі занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі пра крытычны стан здароўя і жорсткае абыходжанне ў зняволенні з Кастусёвым, які пакутуе ад анкалагічнага захворвання.

“Ненаданне адэкватнага медыцынскага лячэння і догляду зняволеных у крытычным стане парушае абавязацельствы Беларусі ў рамках міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, паводле якога дзяржава абавязваецца абыходзіцца з асобамі, пазбаўленымі волі, з гуманнасцю і павагай да іх чалавечай годнасці. Такое стаўленне можна лічыць катаваннем”, — гаворыцца ў дакуменце.

Нягледзячы на пагаршэнне стану здароўя, адзначана ў заяве, палітвязня неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу.

Кастусёў, звярнулі ўвагу эксперты, быў пазбаўлены магчымасці абскардзіць гэтыя дзеянні праз “адсутнасць эфектыўных сродкаў прававой абароны”.

Зяць палітвязня Дзмітрый Антончык паведаміў 17 лютага, што Кастусёў знаходзіцца ў турме № 1 у Гродне.

“Паводле апошняй інфармацыі, у камеры [ён] адзін, — напісаў сваяк палітыка. — Скардзіцца на здароўе. Кажа, што апошнія два месяцы ў “Ваўчыных норах” (калонія № 22 у Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. — “Позірк”.) былі вельмі цяжкімі. Доўгі этап у Гродне таксама падкасіў здароўе”.

15 студзеня суд Івацэвіцкага раёна пастанавіў замяніць Кастусёву рэжым утрымання на турэмны. Летась у лістападзе Антончык паведамляў, што мужчына знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу, у чэрвені і ліпені палітыка сама меней чатыры разы адпраўлялі ў штрафны ізалятар на 10 сутак. Яго пазбавілі спатканняў са сваякамі, у яго адабралі асабістыя запісы і кантакты для перапіскі.

Кастусёў знаходзіцца ў няволі з 12 красавіка 2021 года. 5 верасня 2022 года Мінскі абласны суд (суддзя Уладзімір Арэшка) прыгаварыў палітыка да 10 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам) у рамках палітычна матываванай “справы змоўшчыкаў”. Кастусёў віну не прызнаў.

29 лістапада 2022 года Вярхоўны суд адхіліў яго скаргу і пакінуў вырак у сіле.

9 снежня 2022 года МУС унесла палітвязня ў пералік асоб, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”.

14 жніўня 2023 года Вярхоўны суд ліквідаваў Партыю БНФ. Палітычная структура, пазбаўленая рэгістрацыі ў Беларусі, працягвае існаваць, яе суб’ектнасць прызнаецца на міжнародным узроўні.

Падзяліцца: