Мінск 01:30

Украінцы сталі горш ставіцца да Беларусі і Лукашэнкі — даследаванне цэнтра Разумкова

Плошча Незалежнасці ў Кіеве
Фота: unsplash.com / Maksym Diachenko

2 сакавіка, Позірк. За няпоўны год жыхары Украіны сталі горш ставіцца да Беларусі як дзяржавы і персанальна да Аляксандра Лукашэнкі, сведчаць вынікі новага даследавання сацыялагічнай службы ўкраінскага цэнтра Разумкова.

У апытанні, праведзеным 19–25 студзеня 2024 года, удзельнічала 2 тыс. жыхароў з усіх падкантрольных Кіеву рэгіёнаў краіны.

Пра адмоўнае стаўленне да Беларусі заявіла 87,4% апытаных (“пераважна негатыўна” — 21,8%, “абсалютна негатыўна” — 65,6%), станоўчае — усяго 7,9% (“пераважна пазітыўна” — 6,5%, “абсалютна пазітыўна” — 1,4%). Не змагло адказаць 4,6% рэспандэнтаў.

Для параўнання: у сакавіку 2021 года, амаль за год да пачатку падтрыманага Мінскам поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну, станоўча Беларусь успрымала 58,4% удзельнікаў аналагічнага апытання (41,6%; 16,8%), адмоўна — 31% (19,8%; 11,2%), не разабралося — 10,6%; у лютым — сакавіку 2023-га, праз год пасля пачатку вайны, — 12,4% (9,3%; 3,1%), 80,7% (24,4%; 56,3%) і 6,9% адпаведна; жніўні 2023-га — 7,4% (5,9%; 1,5%), 86,5% (18%; 68,5%) і 6%.

Негатыўнае стаўленне да Лукашэнкі ў студзені 2024 года выказала 92,3% рэспандэнтаў (“пераважна адмоўна” — 12,1%; “абсалютна адмоўна” — 80,2%), пазітыўнае — 3,7% (“пераважна станоўча” — 3%; “абсалютна станоўча” — 0,7%).

Нелюбоў украінцаў да яго ўзрастала з набліжэннем поўнамаштабнай вайны, рэзка праявіўшыся пасля яе пачатку.

Калі ў жніўні 2014 года пры імкненні беларускіх уладаў паказаць сябе міратворцамі падчас канфлікту на ўсходзе Украіны да Лукашэнкі дрэнна ставілася 22,7% апытаных (15,4%; 7,3%), добра — 63,4% (40%; 23,4%), то ўжо ў сакавіку 2021-га колькасць праціўнікаў палітыка вырасла да 53,4% (26%; 27,4%), сімпатызантаў — знізілася да 33,8% (22,7%; 11,1%), лютым — сакавіку 2023-га — 92,2% (15,9%; 76,3%) і 3,3% (2,8%; 0,5%). У жніўні 2023 года стаўленне ўкраінцаў да Лукашэнкі нязначна палепшылася, не паўплываўшы на агульную карціну: негатыўна яго ўспрымала 91,6% рэспандэнтаў (13,3%; 78,3%), пазітыўна — 4,1% (3,6%; 0,5%).

Украінскі цэнтр эканамічных і палітычных даследаванняў імя Аляксандра Разумкова праводзіць даследаванні ў сферах унутранай, эканамічнай, сацыяльнай, знешняй, энергетычнай і абароннай палітыкі.

Падзяліцца: