Мінск 16:13

Ягораў застанецца спікерам КР да 25 траўня

Спікер КР Андрэй Ягораў
Фота: прэс-служба КР

19 сакавіка, Позірк. Андрэй Ягораў да 25 траўня захавае пасаду спікера Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу. Такімі ёсць вынікі галасавання, якое адбылося ў КР 19 сакавіка, паведамляе прэс-служба палітычнай структуры.

Пасаду віцэ-спікера зойме блогер Вольга Павук.

Кандыдатуру Ягорава падтрымала 51,57% членаў КР, якія галасавалі (31 голас), Павук — роўна 25% (15).

4 сакавіка Ягораў заявіў, што трэба “давесці справу па арганізацыі выбараў” трэцяга складу КР 25 траўня “да канца”. Палітык падкрэсліў, што “асноўная адказнасць” рады — “працяг працы самой інстытуцыі”. “Таму Каардынацыйная рада не можа абвясціць пра самароспуск і пакінуць пытанне арганізацыі выбараў на каго-небудзь іншага”, — дадаў ён.

19 лютага стала вядома, што дэмакратычныя сілы дамовіліся аб працэдуры выбараў у новы склад КР. “Рабочая група па выбарах [складзеная з прадстаўнікоў] офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінета і партый, дасягнула кансенсусу”, — гаварылася ў паведамленні.

13 сакавіка Каардынацыйная рада зацвердзіла палажэнне аб выбарах у КР і накіравала яго Ціханоўскай, якая ўзначальвае Аб’яднаны пераходны кабінет.

Падзяліцца: