Мінск 11:44

Кіраўнік МУС запатрабаваў ад ДАІ “жорсткіх мер рэагавання” на парушальнікаў

Фота: sb.by

3 красавіка, Позірк. “Прынцыповага стаўлення да парушальнікаў і жорсткіх мер рэагавання” запатрабаваў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў 3 красавіка на інструктажы мінскай Дзяржаўтаінспекцыі.

Асабліва, паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба МУС, гэта тычыцца матацыклістаў і пешаходаў на “сродках персанальнай мабільнасці”.

Пра неабходнасць прынцыповага стаўлення да парушальнікаў заявіў 3 красавіка міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, беручы ўдзел у інструктажы сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі.

Чыноўнік сцвярджае, што ў пытаннях “забеспячэння парадку на дарогах Мінска і асабістай бяспекі супрацоўнікаў ДАІ” атрымалася дамагчыся станоўчай дынамікі: “Знізілася колькасць ДТЗ, загінулых і параненых у іх грамадзян, а таксама колькасць аўтааварый па віне нецвярозых кіроўцаў”.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што міністр асабіста ўзяў удзел у інструктажы на фоне нядаўняй гібелі на дарозе супрацоўніка Дзяржаўтаінспекцыі. 28 сакавіка непадалёк ад вёскі Стытычава (Пінскі раён Брэсцкай вобласці) грузавік “МАЗ” наехаў на 35-гадовага супрацоўніка ДАІ.

2 красавіка стала вядома, што за негатыўныя каментарыі пра загінулага міліцыянта затрымана сама меней пяць чалавек.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў на 86-й сесіі Камітэта па ўнутраным транспарце Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН 21 лютага ў Жэневе (Швейцарыя) заявіў, што ў Беларусі “адзін з лепшых у свеце” тэмпаў зніжэння дарожна-транспартнага траўматызму.

Паводле даных ДАІ, у 2023 годзе на дарогах Беларусі загінула 434 чалавекі, менш чым хоць бы калі за ўсю гісторыю вядзення ўліку (у 2022 годзе — 466).

Падзяліцца: