Мінск 15:29

За пяць гадоў тавараабарот Беларусі і Прымор’я павялічыўся ў 22 разы — губернатар Кажамяка

4 красавіка, Позірк. За апошнія пяць гадоў тавараабарот Прыморскага края РФ і Беларусі павялічыўся ў 22 разы, заявіў 4 красавіка губернатар гэтага рэгіёну Алег Кажамяка на канферэнцыі афіцыйных дылераў і партнёраў Мінскага аўтамабільнага завода ва Уладзівастоку.

Паводле яго слоў, палова тавараабароту Беларусі з усім Далёкім Усходам прыпадае на Прымор’е.

“Аб’ём нашага ўзаемнага гандлю стабільна расце: летась ён дасягнуў 22,5 млрд расійскіх рублёў (265 млн 779 тыс. 632 долары паводле сярэдняга курсу за 2023 год, — “Позірк”.). На траціну вырас і наш экспарт”, — цытуе губернатара яго тэлеграм-канал.

На сённяшняй сустрэчы з амбасадарам Беларусі Дзмітрыем Крутым бакі дамовіліся пашыраць супрацоўніцтва ў сферах спорту, адукацыі, культуры, лясной гаспадаркі і будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, удакладніў ён.

Кіраўнік рэгіёну лічыць, што беларускія аўтамабільныя брэнды “добра вядомыя” ў Прымор’і.

Прэс-служба амбасады “новымі патэнцыяльнымі кропкамі росту” назвала “пакетныя пастаўкі беларускай тэхнікі ў Прымор’е, стварэнне кааперацыйнай вытворчасці трансфарматараў, будаўніцтва зернесушыльнага комплексу з пастаўкамі ⟨…⟩ вагонаў-збожжавозаў Магілёўскай вытворчасці, падключэнне беларускіх кампаній да маштабных суднабудаўнічых праектаў у рэгіёне, будаўніцтва гандлёвага дома беларускіх тавараў, удзел беларускіх кампаній у праектаванні і ўзвядзенне аб’ектаў сацыяльнай сферы, дарожным і жыллёвым будаўніцтве”.

Бакі дамовіліся павялічыць пастаўкі тэхнікі МАЗ. Летась у рэгіёне з’явілася 200 новых машын.

6 чэрвеня 2023 года на сустрэчы з Кажамякам у Мінску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь “заўсёды гатова развіваць супрацоўніцтва” з Далёкім Усходам Расіі: “Цэнтр цяжкасці эканомікі Расіі і Беларусі зрушыўся сёння на Усход”.

У сваю чаргу губернатар тады заявіў, што з 2019 года тавараабарот паміж Прыморскім краем і Беларуссю “павялічыўся ў шэсць разоў і зараз ужо дасягае 7,6 млрд расійскіх рублёў” (93,4 млн долараў).

Падзяліцца: