Мінск 14:54

БАЖ: Забіраючы дамены, улада працягвае знішчаць незалежныя медыя

Крыніца: pixabay.com

9 красавіка, Позірк. “Рэйдэрскім захопам уласнасці грамадзян і медыя” назваў новы загад начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ) намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Барыс Гарэцкі ў каментары “Позірку”.

Паводле яго слоў, улада працягвае “знішчаць і ціснуць незалежныя медыя”.

“Пасля іншых рэпрэсій (пасадак журналістаў, блакіровак сайтаў) і падаўлення свабоды слова яна дабралася да фактычнага адабрання маёмасці журналістаў і СМІ”, — падкрэсліў Гарэцкі.

Ён лічыць, што парушаецца не толькі правы грамадзян на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі, але і “адно з самых важных і непарушных правоў — права на ўласнасць”.

Сваё меркаванне намеснік старшыні БАЖ аргументуе тым, што “даменныя імёны былі афіцыйна набыты ў адпаведнасць з усімі інструкцыямі ААЦ”.

“3 студзеня ў БАЖ забралі даменнае імя. Мы лічым гэта рэйдэрскім захопам, таму што мы яго купілі, працягвалі ўвесь час аплачваць. Мы маем адпаведны сертыфікат, што дадзены дамен належыць менавіта нам. Але ўлада ў несудовым парадку яго канфіскавала, а фактычна скрала. Тое ж самае зараз адбываецца і з іншымі ўласнікамі”, — адзначыў Гарэцкі.

Паводле яго слоў, БАЖ будзе звяртаць увагу міжнародных арганізацый, у прыватнасці, ICANN (рэгулюе пытанні, звязаныя з даменнымі імёнамі, IP-адрасамі і іншымі аспектамі функцыянавання інтэрнета), а таксама ААН, пад эгідай якой праходзяць глабальныя і лакальныя форумы па кіраванні інтэрнетам.

4 красавіка начальнік ААЦ Андрэй Паўлючэнка падпісаў загад № 69 (апублікаваны 9 красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале), паводле якога “ў выпадку ўключэння ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў інфармацыйнай прадукцыі з указаннем інтэрнэт-рэсурсу і яго ідэнтыфікатара – даменнага імя, зарэгістраванага ў нацыянальнай даменнай зоне, запіс аб рэгістрацыі такога даменнага імя анулюецца па рашэнні адміністратара нацыянальнай даменнай зоны”.

Такое ануляванае даменнае імя ўносіцца ў спецыяльны пералік і “становіцца недаступным для рэгістрацыі на працягу перыяду знаходжання адпаведнай інфармацыйнай прадукцыі ў рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Таксама пазначана, што даменнае імя, запіс аб рэгістрацыі якога ануляваны, будзе выстаўляцца на аўкцыён не пазней за 45 каляндарных дзён з дня анулявання запісу (іншы тэрмін у дачыненні да канкрэтных даменаў можа быць вызначаны адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны ў апавяшчэнні, нацыянальнай даменнай зоны).

Падзяліцца: