Мінск 08:04

СМІ: На фоне нявыплат інвестары звярнуліся ў ЦБ РФ з просьбай праверыць прысвоеныя еўрабондам Беларусі рэйтынгі

Ілюстратыўнае фота: sb.by

9 красавіка, Позірк. Уладальнікі еўрабондаў Беларусі звярнуліся ў Банк Расіі з просьбай праверыць ацэнку, якую прысвойвае беларускім паперам на фоне нявыплат інвестарам па іншых еўрааблігацыях Аналітычнае крэдытнае рэйтынгавае агенцтва (АКРА), піша РБК.

Выданне зазначае, што ў скарзе на адрас расійскага рэгулятара ўладальнікі еўрааблігацый Беларусі просяць праверыць рэйтынгавае агенцтва “на прадмет выканання заканадаўства ў сферы крэдытных рэйтынгавых агенцтваў і сферы фінансавых рынкаў”.

Асноўная прэтэнзія інвестараў заключаецца ў тым, што АКРА працягвае рэйтынгаваць адзін з выпускаў аблігацый Беларусі — рублёвыя паперы серыі 08, які ў красавіку 2023 года быў размешчаны на Санкт-Пецярбургскай валютнай біржы. Акра пацвердзіла рэйтынг выпуску на ўзроўні BBB-(RU) і В+ па міжнароднай класіфікацыі 5 красавіка 2024 года.

Інвестары мяркуюць, што прысвоеныя рэйтынгі “не адпавядаюць рэчаіснасці” і ў накіраванай у ЦБ скарзе нагадваюць, што раней Беларусь раней ужо дапусціла пратэрміноўку выплат па пяці выпусках еўрааблігацый (дзярждоўга, выпушчаныя ў доларах): Belarus 2023, Belarus 2026, Belarus 202 і Belarus 2031.

Па эмісійнай дакументацыі эмітэнта “пропуск тэрмінаў выплат азначае наступленне дэфолту па гэтых паперах і крос-дэфолты па астатніх выпусках”, падкрэсліваюць інвестары.

“Названыя рэйтынгі [па выпуску аблігацый серыі 08] уводзяць у зман добрасумленных удзельнікаў рынку (інвестараў) і могуць быць прычынай істотных страт для інвестараў і патэнцыйных інвестараў у дзярждоўг Рэспублікі Беларусь”, — лічаць аўтары звароту.

Прадстаўнік АКРА паведаміў выданню, што агенцтву невядома аб звароце інвестараў. Ён дадаў, што паміж АКРА і ўрадам Беларусі заключаны дагавор, у адпаведнасці з якім рэйтынгавае агенцтва падтрымлівае рэйтынгі рублёвага выпуску, “рэйтынгі прысвоены і падтрымліваюцца ў адпаведнасці з дзейнымі метадалогіямі”. Паводле даных АКРА, абслугоўванне названага рублёвага выпуску адбываецца без затрымак плацяжоў, адзначылі ў АКРА.

З 28 чэрвеня 2022 года Мінск пагашае даўгі па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, беларускімі рублямі. Плацяжы пералічваюцца на спецрахунак у “Беларусбанку”, з якога плацежнаму агенту прапанавана самастойна забіраць сродкі і разлічвацца з інвестарамі. У такіх умовах кампаніі Citigroup і Citibank адмовіліся выступаць агентамі ў адносінах да беларускіх еўрабондаў.

У канцы 2023 года Мінск выкарыстаў новую схему выплат расійскім інвестарам па еўрабондах – праз Нацыянальны разліковы дэпазітарый РФ, але ўсё гэтак жа ў беларускіх рублях.

Пасля атрымання апавяшчэння аб дэфолце Мінфін паабяцаў “выпрацаваць комплексны падыход” да выканання абавязацельстваў перад трымальнікамі еўрааблігацый.

Раней кіраўнік Цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук, каментуючы “Позірку” сітуацыю, якая склалася, адзначыў: інвестары, якія працуюць з аўтарытарным рэжымам, павінны быць гатовыя да рызык, якія звязаныя з “абсалютным самавольствам і беззаконнем”.

Падзяліцца: