Мінск 15:17

Адвакату не дазволілі сустрэцца з палітзняволенай Шарэнда-Панасюк

Скрыншот: "Беларусь 1"

16 красавіка, Позірк. Адвакату не дазволілі 15 красавіка сустрэцца з Палінай Шарэнда-Панасюк, паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.

22 сакавіка стала вядома, што Шарэнда-Панасюк звярнулася з прашэннем аб памілаванні да Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта яна паведаміла ў інтэрв’ю дзяржтэлеканалу “Беларусь 1”.

“Якую б лухту сёння ні паказвалі лукашысцкія памыйніцы, трэба разумець, што Паліна выратоўвае сваё жыццё. І верыць лукашысцкім памыйніцам нельга”, — пракаментаваў анонс на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” яе муж.

У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прыгаварыў Шарэнда-Панасюк да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса.

У красавіку 2022 года палітзняволеную прыгаварылі яшчэ да аднаго года зняволення паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі), у кастрычніку 2023-га — яшчэ да аднаго года паводле таго ж артыкула.

21 сакавіка стала вядома, што Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць тэрміновыя меры для абароны Паліны Шарэнда-Панасюк. Гэта першы такі выпадак па справах супраць Беларусі.

Раней муж, які знаходзіцца з дзецьмі ў эміграцыі, паведамляў, што Шарэнда-Панасюк “мінімум 32 разы змяшчалася ў нечалавечыя ўмовы” штрафнога ізалятара і карцара, а яшчэ “каля 150 дзён” правяла ў памяшканні камернага тыпу.

Жанчына адбывае пакаранне ў калоніі № 24 у Зарэччы (Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць).

Падзяліцца: