Мінск 05:07

Беларусь наведалі прадстаўнікі акупацыйнай адміністрацыі Запарожжа

Дзяніс Леўчанка
Скрыншот відэатрансляцыі

11 траўня, Позірк. У перыяд святкавання Дня Перамогі Беларусь наведалі прадстаўнікі расійскай акупацыйнай адміністрацыі Запарожжа, сведчаць матэрыялы, распаўсюджаныя агенцтвам “Спадарожнік Беларусь” (уваходзіць у структуру дзяржаўнага МІА “Россия сегодня”).

10 траўня ў офісе агенцтва ў Доме Масквы ў Мінску прайшоў круглы стол з удзелам “начальніка аддзела па працы з палітычнымі партыямі і грамадскімі арганізацыямі Дэпартамента ўнутранай палітыкі Адміністрацыі губернатара і ўрада Запарожскай вобласці” Дзяніса Леўчанкі.

“Мы прыехалі ў нашу брацкую зямлю, да нашых таварышаў для таго, каб прайсці “Несмяротным палком” Запарожскай вобласці ў горадзе Брэсце — у месцы, дзе СССР сустрэла фашысцкую нечысць, прыняла першыя баі”, — сказаў ён (цытата паводле трансляцыі ў сацсетцы “Аднакласнікі”, тут і далей гаворка прыведзена ў арыгінале).

Паводле яго слоў, паездка адбылася па ініцыятыве арганізацыі “Рух Саюз” (праўладная і прарасійская арганізацыя, якую ўзначальвае Сяргей Лушч, раней вядомы як прыхільнік неапаганства і неанацысцкіх поглядаў. — “Позірк”.).

Леўчанка паведаміў аб сустрэчах у Беларусі “ў Міністэрстве замежных спраў Расійскай Федэрацыі (верагодна, маецца на ўвазе амбасада. — “Позірк”.), з таварышамі з грамадскіх арганізацый, якія таксама займаюцца маладзёжнай палітыкай”.

“Пэўныя намёткі ёсць, дамоўленасці ў плане ўзаемнага супрацоўніцтва ў напрамку патрыятычнага выхавання, абмену вопытам, ідэалагічныя скіраванасці. Ну і таксама наведваннем нашых дарагіх хлопчыкаў і дзяўчынак з тэрыторыі Запарожскай вобласці дружалюбнай дзяржавы — Беларусі”, — дадаў ён.

На пытанне мадэратара, “ці не пара дыверсіфікаваць кантакты і падымацца на дзяржаўны ўзровень”, каб былі “нейкія нават міждзяржаўныя праграмы” з Беларуссю, Леўчанка адказаў: “Нас падтрымлівае як Адміністрацыя Расійскай Федэрацыі (такога органа не існуе. — “Позірк”.), так і з беларускага боку. І праекты, якія мы зараз намецілі, яны з’яўляюцца ўсерасійскімі на федэральным узроўні. Напрыклад, той самы “Мой радавод”, да якога мы будзем падключаць якраз праз сем дзён нашых сяброў з Беларусі. Дыверсіфікаваць… Я не зусім зразумеў, што вы маеце на ўвазе. Змяніць?”

Афіцыйную ўкраінскую ўладу ён назваў “неанацысцкай бандай” і абвінаваціў ва ўдарах па жылых дамах.

Лушч на мерапрыемстве выказаўся за “новае вымярэнне” супрацоўніцтва Беларусі з акупаванымі расійскімі тэрыторыямі, якія ён назваў “вызваленымі гістарычнымі [рускімі]”.

“Калі будзе больш бяспечна”, неабходна арганізаваць “працоўны дэсант у Запароскую вобласць з беларускага боку”, заявіў ён.

Паводле слоў Лушча, дэлегацыя правяла сустрэчы з кіраўніцтвам БРСМ, палітычных партый, Нацыянальнай бібліятэкі (узначальвае прапагандыст Вадзім Гігін. — “Позірк”.).

Афіцыйны Мінск і праўладныя грамадскія арганізацыі падтрымліваюць кантакты з тэрыторыямі Ўкраіны, акупаванымі РФ.

У Растове-на-Доне не пазней за ліпень плануецца адкрыццё генеральнага консульства Беларусі. У яго акругу ўвойдуць Растоўская і Валгаградская вобласці РФ, а таксама акупаваныя расійскай арміяй тэрыторыі Украіны — так званыя “данецкая народная рэспубліка”, “лнр”, часткі Запарожскай і Херсонскай абласцей і анэксаваны раней Крым.

Кіраўнік т.зв. “днр” Дзяніс Пушылін наведваў Беларусь 27 ліпеня 2022 года.

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з ім 18 красавіка 2023 года ў Мінску. Летась 15 чэрвеня амбасадар Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты падпісаў з Пушыліным “пагадненне аб пашырэнні партнёрства”.

У жніўні 2023 года Беларусь наведвала дэлегацыя “днр”.

30 верасня 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў “дакументы” аб уваходжанні ў склад РФ так званых “данецкай і луганскай народных рэспублік”, а таксама “Запарожскай і Херсонскай абласцей”. За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расійскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя “рэферэндумы”.

У пачатку гэтага года Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі дэ-факта прызнаў сепаратысцкія ўтварэнні “ДНР” і “ЛНР”. 6 студзеня на сайце верхняй палаты беларускага парламента з’явіўся прэс-рэліз, з якога вынікала, што член СР НС Дзмітрый Баскаў “прыняў удзел у акцыі фонду [паралімпійца] Аляксея Талая па арганізацыі знаходжання школьнікаў з Данецкай і Луганскай рэспублік у Мінску ў перыяд зімовых школьных канікулаў ”.

Разам з тым дэ-юрэ беларускія ўлады не прызналі незалежнасць “днр” і “лнр”, роўна як іх “далучэнне” да Расіі пасля “рэферэндумаў”, пры гэтым афіцыйны Мінск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны.

Прадстаўнікі афіцыйнага Мінска, а таксама Беларускага Чырвонага Крыжа займаюцца вывазам дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны — “на аздараўленне”. У сувязі з гэтым дэмакратычныя сілы дамагаюцца выдачы Міжнародным крымінальным судом у Гаазе ордэра на арышт Лукашэнкі, як гэта было зроблена ў дачыненні да Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай.

Падзяліцца: