Мінск 08:46

Неабходна сістэма псіхалагічнай дапамогі экс-палітзняволеным за мяжой — псіхолаг

Крыніца: старонка Наталлі Скібскай у "Фэйсбуку"

22 траўня, Позірк. Аб неабходнасці стварэння сістэмы аказання псіхалагічнай дапамогі былым палітзняволеным у эміграцыі, заявіла псіхолаг Наталля Скібская на мерапрыемстве ў Дзень салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі 21 траўня ў Варшаве.

Існуюць ініцыятывы, якія працуюць з палітэмігрантамі, “але вось такой пэўнай арганізацыі, якая займаецца толькі палітзняволенымі, няма”, падкрэсліла яна.

Паводле Скібскай, разам з калегамі яна мае намер зарэгістраваць арганізацыю, якая б спецыялізавалася на гэтым.

Аднак для таго, каб працаваць з людьмі, якія вызваліліся з беларускіх месцаў няволі, “псіхолагу таксама трэба мець рэсурсы”, дадала спецыяліст.

“Бо як бывае… Хлопчык мой адзін, у якога было пяць затрыманняў, тры адсідкі, ён мяне давёў да адпачынку. Ну, проста, ⟨…⟩ ў яго такі крызіс здарыўся, што я ўжо падумала, што сама паеду з глузду. Гэта вельмі складана”, — сказала Скібская.

“Для таго, каб працаваць з такой катэгорыяй людзей, неабходна сістэма. Сістэмы, на жаль, няма”, — дадала яна.

“Павінна быць структура, якая будзе фінансаваць [працу]. Людзі не павінны плаціць за гэтую дапамогу, яны павінны яе атрымліваць бясплатна, — заявіла спецыяліст. — Гэта павінна быць месца, дзе гэтага рэпрэсаванага чакаюць, дзе яго гатовыя прыняць тады, калі ён гатовы будзе прысці. І там будуць працаваць устойлівыя людзі, якія змогуць даць рады з тым матэрыялам, з якім ён прыйдзе”.

Адначасова Скібская падкрэсліла важнасць дабраахвотнага атрымання такой дапамогі і права на адмову ад яе. “Гэтыя людзі вельмі хутка вылятаюць з тэрапіі, хутка, вось так”, — канстатавала спецыяліст.

На думку псіхолага, рэсурсаў выключна беларускіх дыяспар за мяжой для арганізацыі сістэмнай падтрымкі экс-палітзняволеных недастаткова. На сёння снават самыя актыўныя іх прадстаўнікі, знаходзячыся ў “вельмі працяглым стрэсе” сыходзяць ва “ўнутраную эміграцыю” і губляюць матывацыю, дадала яна.

На 22 траўня палітзняволенымі прызнаныя 1.392 чалавекі.

Падзяліцца: