Мінск 21:34

Краіны Балтыі, Польшча, Фінляндыя і Нарвегія створаць “сцяну дронаў” для абароны знешняй мяжы

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

25 траўня, Позірк. Стварыць “сцяну дронаў” для абароны знешняй мяжы Еўрасаюза дамовіліся краіны Балтыі, Польшча, Фінляндыя і Нарвегія, заявіла агенцтву BNS міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайце 24 траўня па выніках сустрэчы з калегамі са згаданых дзяржаў.

“Гэта зусім новая рэч — сцяна з дронаў, якая працягнецца ад Нарвегіі да Польшчы, — прыводзіць яе словы LRT. — Мэта ў тым, каб выкарыстаць беспілотнікі і іншыя тэхналогіі для абароны нашых межаў ад правакацый з боку недружалюбных краін і для прадухілення кантрабанды”.

Білатайце наўпрост не назвала краіны, ад якіх заклікана абараніць “сцяна дронаў”, але ў кантэксце сітуацыі ў рэгіёне гаворка можа быць толькі пра Беларусь і Расію.

Паводле слоў чыноўніцы, “сцяна дронаў” будзе ўключаць як сетку беспілотнікаў для назірання за мяжой, так і сістэмы абароны ад беспілотнікаў, якія “варожыя краіны могуць выкарыстаць для кантрабанды і правакацый”. Яна не выключыла, што праект можа быць рэалізаваны на сродкі ЕС.

Кіраўніца МУС паведаміла, што Літва ўжо распрацавала план па ўмацаванні аховы ўласнай мяжы з дапамогай дронаў. Яна адзначыла, што памежнае ведамства краіны нядаўна стварыла падраздзяленне БПЛА і цяпер набывае дадатковыя беспілотнікі і сістэмы абароны ад такіх апаратаў.

З вясны 2021 года краіны Балтыі і Польшча зазнаюць міграцыйны ціск на ўсходняй мяжы. Пастаянныя спробы мігрантаў нелегальна трапіць у ЕС з тэрыторыі Беларусі ўлады гэтых дзяржаў называюць гібрыднай атакай, арганізаванай Мінскам і Масквой. Пытанне бяспекі абвастрылася пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну ў лютым 2022 года, падтрыманага рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, з’яўлення на беларускай тэрыторыі баевікоў групоўкі “Вагнер”, размяшчэння расійскай тактычнай ядзернай зброі.

Падзяліцца: