Латушка не выключае, што затрыманыя ў Польшчы беларусы — былыя вагнераўцы

29 траўня, Позірк. Затрыманыя ў Польшчы двое грамадзян Беларусі могуць быць былымі байцамі расійскай прыватнай вайсковай кампаніі “Вагнер”, заявіў у сваім тэлеграм-канале намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.
Паводле яго інфармацыі, яшчэ ўлетку 2023 года вагнераўцам “для легендзіравання” ўлады выдавалі беларускія пашпарты са змененымі імёнамі і прозвішчамі.
Цяпер, паводле слоў Латушкі, з дапамогай гэтых людзей рэжым Лукашэнкі можа спрабаваць стварыць у Польшчы “на нацыянальна-гістарычнай глебе сур’ёзнае напружанне”, пры гэтым стаўкі “адразу паднятыя да тэрарызму”. “Нельга дазволіць ім дасягнуць поспеху і разгайдаць польскае грамадства”, — сказаў палітык.
“Расія і рэжым Лукашэнкі зацікаўленыя ў тым, каб зрабіць з беларусаў “пагрозу” для Захаду. Яны ўжо штучна змаглі раздуць інфармацыйную правакацыю-спецаперацыю пад назвай “літвінізм” у Літве”, — адзначыў кіраўнік НАУ.
Паводле яго слоў, за “любымі агрэсіўнымі дзеяннямі ў дачыненні да Польшчы і іншых суседніх краін стаіць менавіта рэжым або яго крамлёўскія гаспадары”.
29 мая Ніжнесілезскім аддзяленнем Нацыянальнай пракуратуры Польшчы прад’яўленае абвінавачванне па справе аб дзейнасці па заданні расійскай выведкі. Па справе праходзяць тры чалавекі — двое грамадзян Беларусі і грамадзянін Польшчы.
Іх абвінавачваюць ва “ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, накіраваным на правядзенне дзейнасці замежнай выведкі супраць Рэспублікі Польшча”, у абмен на “атрыманне фінансавай выгады”. Сукупна паводле дух крымінальных артыкулаў абвінавачаным пагражае тэрмін зняволення аж да пажыццёвага, падкрэсліваецца ў паведамленні.
Адзначаецца, што фігурантам інкрымінуюцца “правядзенне дыверсій і дыверсійнай дзейнасці па заданні расійскай выведкі”. Яны ўзятыя пад варту.
28 траўня польскія СМІ паведамілі пра затрыманне Агенцтвам унутранай бяспекі (АУБ) некалькіх чалавек па падазрэнні ў здзяйсненні падпалаў на тэрыторыі краіны. Заяўлялася, што ў ліку затрыманых два беларусы.
Пры ператрусе аўтамабіля Renault, які належыць грамадзяніну Беларусі, выяўленыя “пустыя каністры, буйная сума наяўных грошай у рознай валюце, а таксама кабелі, лом і прадметы, якія нагадваюць батарэйкі”.
21 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што сярод падазраваных у арганізаваных Расіяй спробах дыверсій ёсць грамадзяне Беларусі. Гаворка ішла, у прыватнасці, аб спыненай спробе падпалу завода па вытворчасці фарбаў ва Уроцлаве (Ніжнесілезскае ваяводства).
“На гэты момант у нас ёсць дзевяць падазраваных, арыштаваных і абвінавачаных ва ўдзеле ў дыверсіях у Польшчы на запыт расійскіх службаў. Гэта тычыцца нападу, падпалу і спробы падпалу”, — сказаў ён.


- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 24 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаУ 2025 годзе харчовыя тавары найбольш даражэюць у Гродзенскай вобласці, нехарчовыя — у Магілёўскай (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаЛатвія пяты дзень не фіксуе спробаў нелегальнага пераходу мяжы з Беларусі, Літва — другіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ЭканомікаАдток талентаў за мяжу і недастатковае абнаўленне навуковых кадраў па-ранейшаму патрабуюць пільнай увагі — часопіс МінфінаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка

