Мінск 11:35

Нягледзячы на “няпростую кан’юнктуру”, беларусы і італьянцы працягнуць “разам працаваць і сябраваць”, сцвярджае Лукашэнка

Крыніца: pexels.com

2 чэрвеня, Позірк. Шмат гадоў Беларусь і Італія “паспяхова супрацоўнічаюць па шырокім спектры напрамкаў, уключаючы гуманітарныя кантакты, эканоміку, культуру і адукацыю”, заявіў 2 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка, віншуючы італьянскі народ з Днём абвяшчэння рэспублікі.

“Нас аб’ядноўвае трапяткое стаўленне да сям’і, дзяцей і бацькоў. Многае ў нашых краінах робіцца для падтрымкі моладзі, жанчын, аховы хрысціянскіх каштоўнасцяў. Нам ёсць чым ганарыцца і чаму навучыцца адзін у аднаго”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён сцвярджае, што, “нягледзячы на няпростую кан’юнктуру”, беларусы і італьянцы “працягнуць разам працаваць і сябраваць, спрыяючы ўзаемаразуменню і дыялогу ў Еўропе”.

Пасля падзей 2020 года Лукашэнка выкарыстоўвае практыку віншавання са святамі народаў краін, кіраўнікоў якіх лічыць варожымі свайму рэжыму. Беларускія ўлады ўключылі Італію ў спіс “недружалюбных краін”. Італія не прызнае афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе і як член Еўрасаюза падтрымлівае санкцыі супраць Мінска.

Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі ўстаноўленыя ў 1992 годзе. Тады ж у Мінску было адкрыта пасольства Італіі. У 1993 годзе ў Рыме пачало працу генеральнае консульства Беларусі.

У 2021 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Італіяй склаў 941,9 млн долараў, з якіх 786 млн прыйшліся на беларускі імпарт.

Асноўнымі таварнымі пазіцыямі імпарту з Італіі былі лекі, машыны і механічныя прылады спецпрызначэння, запасныя часткі для аўтамабіляў і трактароў, арматура для трубаправодаў, вінаградныя віны, уключаючы сусла, і інш.

Экспарт Беларусі ў Італіі быў прадстаўлены трубамі і профілямі бясшвоўнымі з чорных металаў, дротам з нелегіраванай сталі, лесаматэрыяламі, сінтэтычнымі валокнамі і г.д.

Пасля расійскага ўварвання ва Украіну і ўзмацнення жорсткасці санкцый тавараабарот значна паменшыўся. Актуальныя даныя ўзаемнага гандлю ў афіцыйных крыніцах адсутнічаюць.

Падзяліцца: