Мінск 05:52

Супрацоўніца санаторыя Belorus пазбаўленая волі на 6 гадоў паводле абвінавачання ў “агентурнай дзейнасці” (дапоўнена)

Скрыншот: відэазапіс тэлеканала АНТ

дададзены пяты абзац

11 чэрвеня, Позірк. Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Алену Раманаўскене — загадчыцу маркетынгавай службы размешчанага ў літоўскім Друскінінкае санаторыя Belorus — да 6 гадоў пазбаўлення волі, вынікае з паведамленні тэлеканала АНТ.

Справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Паводле версіі абвінавачання, якую пераказвае дзяржСМІ, Раманаўскене, а таксама дырэктар санаторыя (без пазначэння імя) больш за 10 гадоў таму былі завербаваныя Дэпартаментам дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы.

Сцвярджаецца, што яны “неаднаразова перадавалі звесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку пра высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў”.

“Таксама супрацоўнікі перадавалі літоўскай спецслужбе розныя дакументы, а дырэктар установы даў падпіску пра негалосную супрацу з ДДБ і рэгулярна браў хабар. Яго асудзілі на 9 гадоў пазбаўлення волі, ён ужо адбывае пакаранне”, — паведаміў 11 чэрвеня тэлеканал.

На падставе гэтай інфармацыі праваабарончы цэнтр “Вясна” зрабіў выснову, што гаворка пра галоўнага ўрача санаторыя Андрэя Кобеля. Згодна са звесткамі праваабаронцаў, 4 верасня 2023 года Алена Ананіч з Мінскага гарадскога суда прыгаварыла яго да 9 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве). Пра затрыманне Кобеля, які таксама працаваў галоўным урачом санаторыя “Беларусь” у Сочы (РФ), КДБ паведаміў у снежні 2022 года. Мужчыну абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Літвы. Працэс па яго справе праходзіў з 16 жніўня 2023 года ў закрытым рэжыме.

Літоўскі партал 15min.lt раней паведамляў, што ў 59-гадовай Раманаўскене, якая нарадзілася ў Мінску, маецца беларускае грамадзянства.

Летась жанчына была кандыдатам на выбарах у муніцыпальную раду Друскінінкая. У анкеце, апублікаванай выбарчай камісіяй, маюцца яе звесткі.

Вышэйзгаданы партал у студзені са спасылкай на міграцыйную службу паведаміў, што галоўнаму ўрачу санаторыя Belorus Іллі Епіфанаву анулявалі дазвол на жыхарства ў Літве, паколькі ён “можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы”. Мужчына не змог уехаць у краіну напярэдадні Калядаў.

8 кастрычніка 2023 года ў эфіры канала СТБ Епіфанаў заяўляў, што санаторый прыняў “некалькі заездаў” беларускіх грамадзян. Паводле яго слоў, за папярэднія два гады з аздараўленчай установы звольнена каля 200 супрацоўнікаў. “Гэта вельмі значна, балюча”, — казаў ён.

Да 2020 года Belorus належаў Галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленню Упраўлення справамі прэзідэнта. У 2020 годзе праз санкцыі ЕС у дачыненні да ведамства былі заблакаваныя рахункі друскінінкайскага санаторыя.

Аздараўленчая ўстанова аднавіла працу толькі пасля таго, як з Упраўлення справамі прэзідэнта сышоў уключаны ў санкцыйны спіс Віктар Шэйман. У сярэдзіне чэрвеня 2021 года ўрад Беларусі змяніў заснавальніка санаторыя, перадаўшы яго ў распараджэнне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.

Падзяліцца: