Ціханоўская пра вырак свайму дарадцу Вячорку: Гэта не спыніць нашу барацьбу за свабоду ў Беларусі
21 чэрвеня, Позірк. Фарсам, які ў чарговы раз даказвае, што суды ў цяперашняй Беларусі — інструмент рэпрэсій, які не мае дачынення да правасуддзя, назвала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская вынесены 20 чэрвеня завочны вырак яе галоўнаму дарадцу Франаку Вячорку — 20 гадоў пазбаўлення волі.
“Гэта не спыніць нас у нашай барацьбе за свабоду ў Беларусі”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
“Гэтыя фальшывыя судовыя працэсы дэманструюць поўнае беззаконне, якое пануе пры рэжыме Лукашэнкі ў Беларусі. Пакуль абвінавачаныя знаходзяцца па-за межамі краіны і не могуць быць заключаныя ў турму, рэжым тэрарызуе іх сем’і на радзіме пагрозамі і канфіскуе іх маёмасць”, — дадала яна пазней.
Вячорка ў каментарыі “Позірку” раней заявіў, што ён “не меў ілюзій наконт так званага суда”. Разам з тым, паводле яго слоў, “усё гэта пасля дапаможа прыцягнуць вінаватых да адказнасці за злачынства супраць чалавечнасці”.