Мінск 01:51

Арцыбіскуп Ёзіч пакідае пасаду апостальскага нунцыя ў Беларусі

Архіўнае фота: catholic.by

28 чэрвеня, Позірк. Арцыбіскуп Антэ Ёзіч пакідае пасаду апостальскага нунцыя ў Беларусі, вынікае з паведамлення Зала друку Святога Пасада.

Папа рымскі Францішак прызначыў іерарха нунцыем у Грузіі і Арменіі.

Згодна з інфармацыяй апостальскай нунцыятуры, распаўсюджанай парталам Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, Ёзіч працягне дыпламатычнае служэнне ў Мінску “прыблізна да канца верасня 2024 года”.

“За час сваёй амаль чатырохгадовай місіі ў нашай краіне прадстаўнік папы Францішка зрабіў значны ўнёсак у развіццё каталіцкага касцёла на беларускай зямлі, спрыяючы паглыбленню і ўмацаванню адносін Святога Пасада з дзяржаўнымі ўладамі і грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі”, — адзначыў партал.

Падкрэслена, што “ватыканскі дыпламат прычыніўся да мірнага ўрэгулявання грамадска-палітычнага крызісу ў краіне, паспрыяўшы вяртанню на радзіму тагачаснага мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча”.

“Ён таксама курыраваў працэс прызначэння на пасаду новага мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, ініцыяваў і ажыццявіў пераклад на беларускую мову і выданне Кодэксу кананічнага права, завяршыў афармленне пабудаванага яго папярэднікамі будынку апостальскай нунцыятуры ў Мінску”, — гаворыцца ў паведамленні.

Нунцый “курыраваў працэс утварэння” апостальскай адміністратуры для беларускіх грэка-католікаў, прызначэнне каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя, “якому пазней удзяліў біскупскае пасвячэнне”.

Ураджэнец Харватыі Ёзіч быў прызначаны апостальскім нунцыем у Беларусі 21 траўня 2020 года, працаваў у Мінску з 11 кастрычніка таго ж года. На гэтай пасадзе ён змяніў венгерскага іерарха Габара Пінтара, які цяпер служыць нунцыем у Гандурасе.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года адносіны дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі. Некаторыя святары прайшлі праз затрыманні, суды і арышты па палітычных матывах, асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Цяпер мінскую кафедру і Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў Беларусі ачольвае арцыбіскуп Станеўскі, які ў стасунках з уладамі паводзіцца стрымана. У сваю чаргу рэжым Аляксандра Лукашэнкі актыўна прыцягвае іерарха да праўладных мерапрыемстваў і імкнецца прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў. Разам з тым у краіне працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да каталіцкіх святароў.

Аляксандр Лукашэнка наведваў Ватыкан у 2009 і 2016 гадах. Ён неаднаразова прапаноўваў свае паслугі для арганізацыі ў Беларусі сустрэчы папы рымскага і кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы, але беспаспяхова. Сустрэча папы Францішка і патрыярха Кірыла адбылася на Кубе ў 2016 годзе.

Каталіцызм — другая па колькасці паслядоўнікаў хрысціянская канфесія ў Беларусі. У краіне каля 1,5 млн католікаў, у тым ліку больш за 10 тыс. грэка-католікаў.

Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены трыма дыяцэзіямі — Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй.

Падзяліцца: