Мінск 18:57

З пачатку года бязвізам скарысталіся больш за 100 тыс. жыхароў суседніх краін ЕС — Дзяржпагранкамітэт

Крыніца: акаунт ДПК у "Фэйсбуку"

24 чэрвеня, Позірк. З 18 па 24 чэрвеня Беларусь без візаў наведалі 4.963 жыхары суседніх краін Еўрасаюза (з 11 па 17 чэрвеня — 3.739), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За гэты перыяд у краіну прыбылі 1.688 грамадзян Літвы (1.274), 1.670 грамадзян і 627 неграмадзян Латвіі (1.155 і 413 адпаведна), 978 грамадзян Польшчы (897).

З 1 студзеня 2024 года бязвізам скарыстаўся 103.441 жыхар гэтых краін: 46.346 грамадзян Літвы, 26.694 грамадзяніны і 7.875 неграмадзян Латвіі, а таксама 22.526 грамадзян Польшчы.

Усяго з пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму ў Беларусь прайшлі 904.047 прадстаўнікоў гэтых дзяржаў: 541.557 грамадзян Літвы, 211.495 грамадзян і 63.990 неграмадзян Латвіі, а таксама 87.005 грамадзян Польшчы.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.

Улады названых суседніх краін неаднаразова заклікалі суайчыннікаў не наведваць Беларусь з меркаванняў бяспекі.

18 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку — Лоша) і Твярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

Пасля вынясення палітычна матываванага прыгавору журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

19 верасня 2023 года з-за ўзрослай плыні нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Пра тое, што Польшча разглядае магчымасць закрыцця ўсіх памежных пераходаў, заявіў міністр замежных справаў гэтай краіны Радаслаў Сікорскі 22 чэрвеня.

Падзяліцца:
be