Мінск 20:47

На поўдні Беларусі вайскоўцы прыкрываюць мяжу ад “пранікнення баевікоў”

Фота: Ян Гарбанюк / "Ваяр"

25 чэрвеня, Позірк. Узмацненнем мяжы на “магчымых напрамках незаконнага пранікнення” ў Беларусь “узброеных груп баевікоў” займаюцца ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях сілы спецаперацый разам з ракетнымі войскамі і артылерыяй.

Гэта адбываецца ў рамках раптоўнай праверкі гатоўнасці Узброеных сіл, сцвярджае прэс-служба Міністэрства абароны.

Вайскоўцы таксама “адпрацоўваюць пытанні перакрыцця каналаў дастаўкі зброі, боепрыпасаў і іншых сродкаў, якія могуць выкарыстоўвацца для дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне”.

“Для выяўлення дыверсійна-выведвальных груп і збору сіл умоўнага прапціўніка ў цяжкадаступнай лясіста-багністай мясцовасці выкарыстоўваюцца беспілотныя выведвальныя комплексы, якія ў рэжыме рэальнага часу перадаюць каардынаты разлікам артылерыйскіх падраздзяленняў для нанясення агнявога паражэння”, — гаворыцца ў паведамленні.

20 чэрвеня Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што Украіна канцэнтруе на мяжы цяжкае ўзбраенне. На наступны дзень Мінабароны абвясціла пра раптоўную праверку войскаў з выхадам вайсковых часцей і падраздзяленняў на палігоны і ўчасткі мясцовасці ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Цэнтр супрацьдзеяння дэзінфармацыі пры Савеце нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны назваў дзеянні Беларусі актывізацыяй інфармацыйнай кампаніі па нагнятанні напружанасці на мяжы. Спікер украінскай памежнай службы Андрэй Дземчанка заявіў, што праверка пакуль не ўяўляе пагрозы для Украіны.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: