Мінск 06:48

Кіраўнік МЗС Польшчы аб закрыцці мяжы: Ускладняць жыццё простым палякам і беларусам не будзем

Крыніца: pixabay.com

4 ліпеня, Позірк. Польшча не мае намеру закрываць мяжу з Беларуссю для пасажырскага руху, вынікае з заявы міністра замежных спраў гэтай краіны Радаслава Сікорскага.

“Не будзем ускладняць жыццё простым палякам і беларусам”, — сказаў ён 3 ліпеня ў эфіры Radio Zet.

Беларусь, паводле слоў Сікорскага, “дасылае сотні мігрантаў з расійскімі візамі”, фактычна ўручную кантралюючы колькасць тых, хто спрабуе перайсці мяжу нелегальна.

Бываюць месяцы, “калі колькасць мігрантаў роўная нулю”, а бывае, што мяжу спрабуе перайсці “300-400 чалавек у дзень”, дадаў ён.

Толькі ад Мінска залежыць, якімі будуць яго добрасуседскія адносіны з Польшчай, падкрэсліў Сікорскі. “Нашы базавыя патрабаванні — каб на волю выйшаў Анджэй Пачобут і спыніліся сілавая перакідка мігрантаў”, — дадаў міністр.

Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семаняк у інтэрв’ю Polsat News 3 ліпеня не выключыў розных варыянтаў развіцця падзей на мяжы з Беларуссю, адзначыўшы, што пры іх прыняцці Польшча будзе арыентавацца на свае “ўнутраныя інтарэсы”.

Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню незалежнасці, у чарговы раз заявіў, што нелегальныя мігранты ідуць у Еўрасаюз, бо іх туды “пазвалі”, у Беларусі іх “лавіць не будуць”.

6 чэрвеня стала вядома пра смерць польскага вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага нажом 28 траўня на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, вайсковец падвергся нападу мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буферная зона, пакуль тэрмін быў вызначаны ў 90 дзён. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасць спробаў парушэння мяжы скарацілася прыкладна на траціну.

Умацаванне мяжы з Беларуссю і Расіяй абмеркавалі 3 ліпеня міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш і яго літоўскі калега Лаўрынас Кашчунас.

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і Еўрасаюза працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады Польшчы і краін Балтыі называюць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

З пачатку гэтага года краіны ЕС спынілі 23,2 тыс. спроб мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі, у тым ліку Польшча — больш за 20 тыс., Латвія — крыху менш за 3 тыс., Літва — каля 250.

Цяпер на мяжы Польшчы і Беларусі працуе два пункты пропуску: для пасажырскіх перавозак — Цярэспаль (з другога боку — Брэст), для грузавых — Кукурыкі (Казловічы).

22 чэрвеня Сікорскі заявіў, што ў сувязі з дзеяннямі Беларусі Польшчай разглядаецца магчымасць закрыцця ўсіх памежных пераходаў паміж дзвюма краінамі.

Падзяліцца:
be