Мінск 10:14

У РФ прапанавалі дазволіць беларусам удзельнічаць у мясцовых выбарах і рэферэндумах

Фота: "Позірк"

12 ліпеня, Позірк. Дазволіць грамадзянам Беларусі, якія пастаянна пражываюць у Расіі, абіраць і абірацца ў мясцовыя органы ўлады, а таксама галасаваць на мясцовых рэферэндумах, прадугледжана ў законапраекце, які 12 ліпеня падаў у Дзяржаўную думу дэпутат Канстанцін Затулін.

Парламентарый прапануе прапісаць у законе “Аб агульных прынцыпах арганізацыі мясцовага самакіравання ў РФ”, што беларускія грамадзяне — “грамадзяне Саюзнай дзяржавы, якія пастаянна або пераважна пражываюць на тэрыторыі муніцыпальнага ўтварэння, маюць пры ажыццяўленні мясцовага самакіравання правы ў адпаведнасці з федэральнымі законамі”.

Закон “Аб забеспячэнні канстытуцыйных правоў грамадзян РФ абіраць і быць абранымі ў органы мясцовага самакіравання” Затулін прапануе дапоўніць нормай, у адпаведнасці з якой грамадзяне Беларусі, “якія стала пражываюць на тэрыторыі адпаведнага муніцыпальнага ўтварэння, у парадку, вызначаным законам, маюць права абіраць дэпутатаў прадстаўнічых органаў мясцовага самакіравання і выбарных службовых асоб мясцовага самакіравання, быць абранымі дэпутатамі названых органаў і выбарнымі службовымі асобамі мясцовага самакіравання, а таксама ўдзельнічаць у іншых выбарчых дзеяннях на тых жа ўмовах, што і грамадзяне РФ”.

У закон “Аб асноўных гарантыях выбарчых правоў і права на ўдзел у рэферэндуме грамадзян РФ”, на яго думку, трэба сярод іншага дадаць пункт пра тое, што беларускія грамадзяне “надзяляюцца актыўным выбарчым правам на выбарах у заканадаўчыя органы ўлады суб’екта РФ, на тэрыторыі якога увесь час пражываюць, і правам галасаваць на рэферэндуме гэтага суб’екта РФ”.

Замацаваць адпаведнае права таксама прапануецца ў законах “Аб прававым становішчы замежных грамадзян у РФ” і “Аб агульных прынцыпах арганізацыі публічнай улады ў суб’ектах РФ”.

Затулін звярнуў увагу на тое, што Выбарчы кодэкс Беларусі дазваляе грамадзянам Расіі, якія пражываюць на беларускай тэрыторыі, удзельнічаць у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Ён адзначыў, што ў спісах выбаршчыкаў на мясцовых выбарах 25 лютага 2024 года налічвалася 95 тыс. расіян, акрамя таго, у раённыя саветы балатавалася 15 грамадзян РФ, сельскія — 6.

На думку дэпутата, адпаведныя карэктывы ў расійскае заканадаўства трэба ўнесці “ў мэтах развіцця Саюзнай дзяржавы, пашырэння правоў грамадзян Саюзнай дзяржавы, што маюць грамадзянства аднаго боку і пражываюць на тэрыторыі другога боку”.

Канстанцін Затулін з’яўляецца першым намеснікам старшыні камітэта Дзярждумы РФ па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі. Раней ён папракаў Аляксандра Лукашэнку ў тым, што беларускія ўлады дагэтуль юрыдычна не прызналі расійскімі анэксаваныя ўкраінскія тэрыторыі, выказваўся за непасрэдны ўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны.

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Лукашэнка падпісалі дагавор аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997-га — дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які набыў моц 26 студзеня 2000 года.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў далейшую падтрымку Мінска з боку Масквы з максімальным збліжэннем дзвюх краін.

Падзяліцца: