Мінск 15:58

Германія і Польшча дамовіліся садзейнічаць узмацненню санкцый супраць беларускага рэжыму

Канцлер Германіі Олаф Шольц (злева) і прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск на міжурадавых кансультацыях у Варшаве
Фота: bundesregierung.de

13 ліпеня, Позірк. “Імкнуцца ўзмацніць санкцыйныя захады ў адпаведнасці з паступовым і мэтанакіраваным падыходам ЕC як да індывідуальных, так і да сектаральных санкцый” маюць намер Германія і Польшча ў адпаведнасці з планам дзеянняў, які быў ухвалены на міжурадавых кансультацыях у Варшаве 2 ліпеня.

У дакуменце, які апублікаваны на сайтах урадаў дзвюх краін (40 старонак у нямецкамоўнай версіі, 36 — у польскамоўнай), Беларусі прысвечаны асобны раздзел.

“Мы будзем імкнуцца не дапусціць, каб Беларусь выступала пасярэднікам Расійскай Федэрацыі для абыходу санкцый”, — гаворыцца ў плане.

Разам з саюзнікамі Германія і Польшча будуць адсочваць ваенна-палітычную інтэграцыю Беларусі і Расіі і яе ўплыў на рэгіянальную бяспеку.

Сярод іншых задач — “супрацьдзеянне агрэсіўнай рыторыцы і дэзінфармацыі, якая зыходзіць ад беларускіх уладаў”, “падтрымка незалежных беларускіх медыяплатформ у выгнанні”.

“Цэнтральнай тэмай” стане “падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасці, у тым ліку беларускай дыяспары ў Еўропе і прадстаўнікоў дэмакратычных сіл”. “Мы выступаем за тое, каб ЕС заставаўся адкрытым для асабістых кантактаў і мабільнасці для абмену па лініі грамадзянскай супольнасці. Ключавым пытаннем, якое патрабуе нашай увагі, застаецца выдача гуманітарных віз з меркаванняў бяспекі праз унутраныя рэпрэсіі, якія вымушаюць беларусаў пакідаць сваю краіну”, — адзначаецца ў дакуменце.

Берлін і Варшава выказваюць гатоўнасць “удзельнічаць у працэсе распрацоўкі комплекснай стратэгіі ЕС для Беларусі, у тым ліку дарожнай карты будучых дэмакратычных рэформ у краіне”.

У канцы чэрвеня нямецкі партал tagesspiegel.de паведаміў, што Германія і “некаторыя іншыя краіны-экспарцёры” вымусілі Еўрасаюз аслабіць новы пакет санкцый супраць Мінска.

Падзяліцца: