Мінск 19:36

Берлін абараняе інтарэсы асуджанага на смяротнае пакаранне грамадзяніна Германіі — МЗС

Крыніца: pixabay.com

22 ліпеня, Позірк. Берлін “абараняе інтарэсы асуджанага на смяротнае пакаранне грамадзяніна ФРГ Рыка Крыгера перад беларускімі ўладамі”, заявіў прадстаўнік МЗС Германіі Крысціян Вагнер на прэс-канферэнцыі ў Берліне 22 ліпеня.

“Мы займаемся яго лёсам і з самага пачатку надаем яму інтэнсіўную консульскую падтрымку”, — цытуе Вагнера Deutsche Welle.

На пытанне аб магчымых прапановах Мінска па лёсе Крыгера ён адказаў: “У гэтых адносінах вам яшчэ давядзецца набрацца цярпення. Як я ўжо сказаў, нашым прыярытэтам з’яўляецца ўсебаковая падтрымка”.

“У нас ёсць амбасада ў Мінску, яна дзейная і працуе. Гэта консульская падтрымка ажыццяўляецца на месцы. Як я ўжо сказаў, я не буду ўдавацца ў падрабязнасці. Я магу адказаць агулам, што звычайна ўключае ў сябе консульскую дапамогу: кантакты з затрыманым, кантакты з членамі сям’і, адвакатамі, наведванне турмаў і абмеркаванне ўмоў утрымання з уладамі”, — дадаў прадстаўнік ведамства.

24 чэрвеня Мінскі абласны суд пад старшынствам Алега Лапекі вынес смяротны вырак Крыгеру, справу якога суд разглядаў з 6 чэрвеня. Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, яго абараняў адвакат Уладзімір Горбач.

Грамадзянін ФРГ прызнаны вінаватым па ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму), арт. 3581 (агентурная дзейнасць) і арт. 133 (наёмніцтва) Крымінальнага кодэкса.

Праваабаронцы адзначаюць, што наконт даты затрымання Крыгера пэўнасці няма. Праўладная прапагандыстка Людміла Гладкая, якая прысутнічала на судзе, напісала ў сваім тэлеграм-канале, што той прыехаў у Беларусь як турыст 2 кастрычніка 2023 года і неўзабаве быў затрыманы.

Таксама невядома, якія менавіта дзеянні паставілі ў віну Крыгеру. Гладкая сцвярджае, што ён атрымаў заданне ад Службы бяспекі Украіны правесці ў Асіповічах (Магілёўская вобласць) “разведку і фатаграфаванне аб’ектаў па каардынатах”, заехаў у Беларусь “з тэлефонамі і беспілотнікам”.

Праваабаронцам вядома, што справа грамадзяніна Германіі тычыцца беларускага палка Каліноўскага, які ваюе ва Украіне, а менавіта яго структурнага падраздзялення — замежнага механізаванага батальёна Western.

Гладкая сцвярджае, што не пазней за 20 верасня 2023 года полк “уцягнуў” Крыгера “як непасрэднага выканаўцу злачынстваў у Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку тэракту пад іх кіраўніцтвам”.

Крыгеру 29 або 30 гадоў. Апошняе месца працы — санітар-выратавальнік у Нямецкім Чырвоным крыжы. Вядома, што ў асуджанага ёсць непаўналетняе дзіця.

Раней ён працаваў афіцэрам па спецыяльнай бяспецы Дзярждэпартамента ЗША ў Берліне, дзе набыў досвед ва ўзброеных аперацыях бяспекі. Пасля гэтай пасады ён перайшоў у сферу аховы здароўя, працаваў медбратам і спецыялізаваўся на хуткай медыцынскай дапамозе.

МЗС Беларусі 20 ліпеня заявіла, што беларускі бок прапанаваў Германіі “канкрэтныя рашэнні па наяўных варыянтах развіцця сітуацыі”.

Падзяліцца: