Мінск 09:15

На школьніка ў Віцебску ўпала незамацаваная футбольная брама, пацвярджае СК

Ілюстрацыйнае фота: unsplash.com / Fanga Images

6 жніўня, Позірк. Па факце траўмавання 5 жніўня ў Віцебску школьніка-футбаліста распачата справа паводле ч. 2 арт. 165 КК (неналежнае выкананне абавязкаў па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя малалетняга), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Адзначаецца, што “асаблівая ўвага ў ходзе расследавання будзе нададзеная высвятленню прычын і ўмоў, якія садзейнічалі трагедыі”.

СК прадставіў падрабязнасці здарэння. “Удзень 5 жніўня на футбольным полі крытага манежа ў Віцебску трое дзяцей гулялі ў мяч. Калі спартыўны інвентар трапіў у сетку брамы, 8-гадовы хлопчык палез яго даставаць і падняў незамацаваную футбольную браму. У выніку яна ўпала на дзіця, прычыніўшы цялесныя пашкоджанні”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі ведамства, на месцы здарэння “працавала следча-аператыўная група”, быў “праведзены агляд, апытаныя відавочцы, сваякі і трэнер дзіцяці”. Прызначана судова-медыцынская экспертыза, вынята дакументацыя.

Такім чынам, СК пацвердзіў інфармацыю спартыўнага медыя “Трыбуна”, якое першым паведаміла, што дзіця пацярпела праз незамацаваную браму.

Раней Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што ў ноч на 6 жніўня выхаванца віцебскай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву “Камсамолец” перавезлі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі ў Мінску.

Хлопчыка паклалі ў аддзяленне рэанімацыі гэтай медыцынскай установы. На раніцу яго стан ацэньваўся “бліжэй да сярэдняй цяжкасці” (першапачаткова быў у цяжкім стане). Дзіця знаходзілася ў прытомнасці і атрымлівала “медыкаментознае лячэнне з нагоды цяжкай чэрапна-мазгавой траўмы, пералому падставы чэрапа, удару грудной клеткі”.

5 жніўня Міністэрства спорту і турызму паведаміла, што кіраўніцтва ведамства “ўважліва сочыць за надзвычайнай сітуацыяй, якая адбылася ў Віцебску”.

Падзяліцца: