Мінск 14:40

Мінская вобласць гатовая прадаць збожжа іншым рэгіёнам, каб тыя выканалі дзяржзаказ — Турчын

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

6 жніўня, Позірк. “Масавую ўборку” ўраджаю гаспадаркі Мінскай вобласці “закончаць на працягу тыдня”, заявіў старшыня аблвыканкама Аляксандр Турчын, даючы справаздачу 6 жніўня Аляксандру Лукашэнку.

“На сённяшні дзень без рапсу 80% прыбралі збожжавых (1,408 мільёна тон), — цытуе чыноўніка прэс-служба Лукашэнкі. — Плюс 315 тысяч тон на раніцу рапсу намалацілі. Разам ма маем 1,7 мільёна тон. З улікам рапсу, я думаю, будзем мець 2,1 мільёна тон. Гэта без кукурузы. Недзе 1,8 мільёна тон збожжавых і 320 тысяч тон рапсу. З кукурузай таксама, дай бог, пакуль усё выдатна. Думаю, тысяч 600 тон зерня кукурузы мы сёлета атрымаем”.

Паводле слоў Турчына, Мінская вобласць “гатовая пры неабходнасці на ўмовах аплаты некаму падставіць плячо ў пытанні здачы збожжа ў лік дзяржзаказу”.

Рэгіён сярод іншага “выконвае дзяржзаказ па піваварным ячмені”. Нараўне з рапсам гэта “дае выдатны фінансавы вынік для гаспадарак”, лічыць старшыня Мінаблвыканкама.

Паводле даных Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, на раніцу 6 жніўня было сабрана збожжа (з улікам рапсу) 6,390 млн т: збожжавых і зернебабовых культур — 5,337 млн т, азімага рапсу — 1,053 млн т.

У рэгіянальным разрэзе сітуацыя са зборам збожжа (з улікам рапсу) наступная: Мінская вобласць — 1 млн 723,5 тыс. т, Брэсцкая — 1 млн 459 тыс. т, Гродзенская — 1 млн 428,1 тыс. т, Магілёўская — 670, 4 тыс. т, Гомельская — 627 тыс. т, Віцебская — 482 тыс. т.

На прэс-канферэнцыі 3 красавіка намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун заявіў, што ў Беларусі ў 2024 годзе павінны сабраць больш за 10 млн т збожжавых, уключаючы рапс і кукурузу. Паводле яго слоў, пастаўлена задача аб павелічэнні збору збожжа ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, дзе ўраджай гэтых культур быў невысокі.

Падзяліцца: