Мінск 16:22

Мінінфарм асудзіў санкцыі ЕС супраць кіраўнікоў дзяржСМІ

Міністэрства інфармацыі
Фота: president.gov.by

5 жніўня, Позірк. Міністэрства інфармацыі Беларусі асудзіла санкцыі Еўрасаюза супраць кіраўнікоў беларускіх дзяржаўных СМІ.

Ведамства “лічыць нелегітымным рашэнне Савета ЕС аб прымяненні нематываваных санкцый у дачыненні да кіраўнікоў найбуйнейшых дзяржаўных СМІ, а таксама шэрагу беларускіх журналістаў”.

“Чыноўнікі ад ЕС чарговым разам прадэманстравалі, што гучныя развагі аб дэмакратыі і свабодзе слова ў “райскім садзе” спрэс разбіваюцца аб рэчаіснасць рэальнай еўрапейскай палітыкі, якая праводзіцца з грубейшымі парушэннямі нормаў міжнароднага права”, — сцявярджаецца ў заяве.

Парушэннем нормаў міжнароднага права ў ведамстве палічылі ўвядзенне санкцый супраць гендырэктара дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА Ірыны Акуловіч, вядучага праекта “Сенат” на тэлеканале СТБ і старшыні Моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Мікіты Рачылоўскага, дырэктара выдавецкага дома “Беларусь сегодня” (былая “Советская Белоруссия”) Дзмітрыя Жука.

“Еўрасаюз ужо настолькі ўграз у “пакеце з дзясяткаў санкцыйных пакетаў”, што нават не адчувае патрэбы хаця б у мінімальным абгрунтаванні сваіх супрацьпраўных дзеянняў. Поўная беспакаранасць і непрыхаваныя забароны не проста на журналісцкую дзейнасць, а агулам на любое альтэрнатыўнае меркаванне красамоўна паказваюць, хто сёння на самай справе дэградуе да стану “джунгляў”. У сваю чаргу, Міністэрства інфармацыі гатовае аказаць поўнае садзейнічанне журналістам з краін ЕС у асвятленні рэальнай сітуацыі ў Беларусі”, — заяўляе ведамства, якое масава блакуе доступ да інфармацыі з крытыкай рэжыму і прылічае яе да экстрэмісцкай.

У беларускіх турмах утрымліваецца 37 супрацоўнікаў незалежных СМІ, якія пазбаўленыя волі на тэрмін ад 2,5 да 15 гадоў.

5 жніўня стала вядома, што Еўрапейскі саюз увёў персанальныя санкцыі супраць 28 прадстаўнікоў рэжыму. Яны датычацца сілавікоў, супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ, судоў і папраўчых устаноў. Сярод іх суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка, які вынес прыгавор па “справе БелаПАН”.

Такім чынам, пад санкцыямі ЕС цяпер 261 чалавек і 37 кампаній.

Іх актывы на тэрыторыі Еўрасаюза падлягаюць замарозцы ў выпадку выяўлення. У дачыненні да фізічных асоб дадаткова ўведзеная забарона на паездкі, што не дазваляе ім уязджаць на тэрыторыю ЕС або рухацца транзітам праз яе.

Гэтыя санкцыі, як адзначаецца ў прэс-рэлізе, прынятыя напярэдадні чацвёртай гадавіны “сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года”.

У дачыненні да Беларусі (яе грамадзян і кампаній) санкцыі былі ўведзеныя дэмакратычнымі краінамі за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, палітычныя рэпрэсіі, прымус да пасадкі ў Мінску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair, падтрымку ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Каментуючы ўвядзенне новых санкцый, дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заклікала працягваць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі і ягоных памагатых “мэтанакіраванымі дзеяннямі”.

Падзяліцца: