Мінск 03:20

ВУП Беларусі ў 2024 годзе павінен вырасці на 3,8%, інфляцыя не павінна перавысіць 6% — указ Лукашэнкі

2 кастрычніка, Позірк. Найважнейшыя прагнозныя (дэ-факта планавыя) параметры развіцця краіны на 2024 год зацвердзіў Аляксандр Лукашэнка 2 кастрычніка ўказамі № 307 і 308.

Прырост валавога ўнутранага прадукту павінен скласці 3,8%, інвестыцый у асноўны капітал — 3,9%, экспарту тавараў і паслуг — 7,6%, рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — 3,5%, інфляцыі — не больш за 6%, рост рэальнай зарплаты — 3,9%, намінальнай сярэднямесячнай зарплаты — да 2.087 рублёў (у бюджэтным сектары — 1.634), міжнародныя рэзервовыя актывы — не менш за 6 млрд долараў.

Ураду для выканання ўказаў даручана зацвердзіць Мэтавы план на 2024 год. “У ім будуць сканцэнтраваны першачарговыя задачы па рэалізацыі вытворчых, экспартных і інвестыцыйных планаў дзяржаўнымі органамі. Заданні, якія ўстанаўліваюцца ў ім, будуць нацэлены на збалансаваны рост эканомікі без рызыкі справакаваць макраэканамічныя шокі пры спадарожным павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва”, — паведаміла прэс-служба Лукашэнкі.

Найважнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2023 год былі зацверджаны 28 лістапада 2022 года. Прырост ВУП таксама быў запланаваны на ўзроўні 3,8%, рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — на 4,1%, інвестыцый у асноўны капітал — на 22,3%, экспарту тавараў і паслуг — на 5,5%. Інфляцыя была запланавана на ўзроўні 7—8% паводле ўказу і 6% — паводле агучаных урадам планаў, міжнародныя рэзервовыя актывы — не менш за 6 млрд долараў.

Згодна са звестакі Белстата, прырост ВУП за студзень — жнівень 2023 года склаў 3,1%, спажывецкія кошты за гэты перыяд выраслі на 2,93%. Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва (даходы з улікам інфляцыі) у студзені — ліпені павялічыліся на 4,5%. Золатавалютныя рэзервы на 1 верасня складалі 7,99 млрд долараў.

Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг за сем месяцаў 2023 года вырас на 13,4%, экспарт — на 6,4%, імпарт — на 21,4%, зафіксавана адмоўнае сальда ў памеры 100,3 млн долараў ЗША. Па выніках сямі месяцаў 2022-га сальда было станоўчым — 3 млрд 49,4 млн долараў.

Падзяліцца: