Мінск 19:19

Латушка лічыць крытычна важным ужыць міжнародныя механізмы для спынення забойства палітвязняў

Павел Латушка на мітынгу ў Варшаве (лістапад 2023 года). Дэманстранты трымаюць транспарант у падтрымку Ігара Ледніка
Фота: "Позірк"

20 лютага, Позірк. “Цяпер, як ніколі, крытычна важна эфектыўна ўжыць існуючыя міжнародныя прававыя механізмы, каб спыніць забойствы палітычных зняволеных у турмах Лукашэнкі”, — заявіў у сваім тэлеграм-канале намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка у сувязі з прынятымі 19 лютага заключэння Еўрапейскага савета па Беларусі і гібеллю палітвязня Ігара Ледніка.

Латушка адзначыў, што вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, каментуючы прыняцце заключэнняў, “асудзіў беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі ў Беларусі і падкрэсліў, што вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасці”.

Як падкрэсліў кіраўнік НАУ, “рэпрэсіўная палітыка рэжыму Лукашэнкі ў першую чаргу характарызуецца паўсюдным учыненнем злачынстваў, якія кваліфікуюцца як злачынствы супраць чалавечнасці”. “Згодна з каментаром Камісіі міжнароднага права ААН, такія злачынствы ўяўляюць пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы, што абавязвае ўсю міжнародную супольнасць прымаць адэкватныя меры па прадухіленні гэтых злачынстваў”, — нагадаў палітык.

Гібель Ледніка, зазначыў Латушка, — “гэта ўжо пятая вядомая смерць палітвязня”. “Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вадзім Храсько, Ігар Леднік — усе гэтыя людзі пазбавіліся жыцця, а фактычна былі забітыя рэжымам Лукашэнкі”, — заявіў палітык.

Ён нагадаў, што да заходніх партнёраў неаднаразова даводзілася “гатоўнасць пачаць узаемадзеянне ў рамках Кансультатыўнай групы паміж ЕС і беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю для выпрацоўкі зладжаных крокаў па прыцягненні да адказнасці вінаватых, для аднаўлення справядлівасці для ахвяраў злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі, і спынення далейшых ахвяр сярод беларусаў”.

Падзяліцца: