Мінск 08:21

Лукашэнка заклікаў прызвычайвацца, што “прэзідэнт будзе іншы”, яго суправаджэнне зрабіла акцэнт на Крутым

Скрыншот: відэаматэрыял неафіцыйнага тэлеграм-канала прэс-службы Лукашэнкі

10 жніўня, Позірк. На тэму далейшага знаходжання ва ўладзе Аляксандр Лукашэнка паразважаў 10 жніўня ў Шклоўскім раёне (Магілёўская вобласць) падчас размовы з групай людзей, прадстаўленай як жыхары аграгарадка Гарадзішча.

Відэафрагмент, апублікаваны ў неафіцыйным тэлеграм-канале яго прэс-службы, сведчыць, што адна з прысутных на сустрэчы папрасіла Лукашэнку ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у 2025 годзе.

“Я ўжо публічна пачынаю гаварыць усім вам: вы павінны прызвычайвацца да таго (я вас разбэсціў крыху), што прэзідэнт будзе іншы, — адказаў ён. — Не, я не кажу, што заўтра я вас кіну, паслязаўтра ды іншае… Ну, усякае ў жыцці бывае. Вы павінны прызвычайвацца да таго, што я не вечны, як і ўсё”.

“Вы паглядзіце, маладыя людзі растуць, рыхтуем”, — звярнуў увагу Лукашэнка на чыноўнікаў, што стаялі побач. На гэтых словах буйным планам быў паказаны кіраўнік яго адміністрацыі Дзмітрый Круты (да таго быў амбасадарам Беларусі ў Расіі), астатнія службовыя асобы фактычна засталіся без увагі.

У іншым відэафрагменце з развагамі на тую ж тэму Лукашэнка адзначыў: “Вы павінны разумець, што рана ці позна час гэты прыйдзе. Я сам за гэта хвалююся больш, чым вы. Але разумею, што час гэты мусіць наступіць”.

“Вы не думайце, што гэта ўсё проста, вось яно сядзіць там, пануе. Я таксама маю дзяцей, унукаў, я хацеў бы бачыць, як яны хоць падрастуць і гэтак далей, — сказаў ён. — Але я вас не кідаю, я ў любым выпадку буду вас падтрымліваць, буду вам дапамагаць. А на сёння, заўтра, нават паслязаўтра мы сёння вызначыліся, як будзем жыць, як будзем выбудоўваць сваё жыццё”.

“Мая галоўная задача, як вы правільна сказалі, не дапусціць канфлікту ў краіне, каб гэтая зараза не перанеслася на Беларусь, нам трэба зберагчы краіну ад вайны”, — падсумаваў Лукашэнка.

Лукашэнка ў ранейшыя гады неаднаразова заяўляў, што “наеўся прэзідэнцтва”, аднак кожны раз удзельнічаў у выбарчых кампаніях, ніводную з якіх з 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЕ. Пра свой удзел у выбарах 2025 года ён выказваўся неадназначна.

Напрыканцы красавіка Лукашэнка стаў старшынёй Усебеларускага народнага сходу — вышэйшага органа ўлады, які можа прызначаць членаў ЦВК, суддзяў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў, выносіць імпічмент прэзідэнту, вызначаць асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі, уносіць у парламент законы, прызначаць рэферэндумы, прапаноўваць папраўкі ў Канстытуцыю, уводзіць надзвычайнае і ваеннае становішча, разглядаць пытанне пра легітымнасць выбараў.

Гл. таксама:

Лукашэнка ведае, што рабіць. А яго супернікі? (на рускай мове)

Падзяліцца: