Мінск 22:27

Латушка даў польскай пракуратуры паказанні аб сістэме перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 14 жніўня 2024 года ў 18:25

14 жніўня, Позірк. Паказанні ў рамках крымінальнай справы, якую вядзе літоўскі бок па факце незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, даў 14 жніўня ў Варшаве намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

Працэдура была праведзеная на запыт аб прававой дапамозе ад Генеральнай пракуратуры Літвы на адрас Нацыянальнай пракуратуры Польшчы.

У каментары “Позірку” Латушка нагадаў, што НАУ ўжо дастаткова працяглы час займаецца расследаваннем здзяйснення Аляксандрам Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ваеннага злачынства, звязанага з незаконным вывазам украінскіх дзяцей.

Ён адзначыў, што ў рамках гэтых паказанняў была нададзеная інфармацыя пра “перыяд, на працягу якога ажыццяўлялася перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных рэгіёнаў Украіны, якім чынам яно рабілася, як была арганізаваная сістэма вывазу дзяцей пры падтрымцы шэрагу органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі, якія дзеянні ажыццяўляліся і ажыццяўляюцца ў дачыненні да іх на тэрыторыі Беларусі”.

Найперш, адзначыў Латушка, яны звязаныя з іх індактрынацыяй у інтарэсах “рускага свету” і мілітарызацыі.

Як адзначыў палітык, у рамках расследавання асаблівую ўвагу НАУ надае незаконнаму перамяшчэнню дзяцей-сірот.

Пры гэтым вялікія спадзяванні ўскладаюцца на расследаванне ў рамках нацыянальнай юрысдыкцыі шэрагу краін адносна магчымага прыцягнення да адказнасці службовых і іншых асоб у Беларусі. Як лічыць Латушка, намаганні органаў правасуддзя на нацыянальным узроўні будуць дапаўняць намаганні офіса пракурора Міжнароднага крымінальнага суда, у фокусе ўвагі якога — найвышэйшыя службовыя асобы ў арганізаванай іерархіі Беларусі, якія ўчынялі адпаведныя злачынствы.

Кіраўнік НАУ падзякаваў Крымінальнай паліцыі і Генеральнай пракуратуры Літвы за намаганні па эфектыўным расследаванні гэтых злачынстваў і гатоўнасць дзейнічаць у інтарэсах міжнароднага правасуддзя.

Пра тое, што Латушка дасць паказанні па справе аб перамяшчэнні ў Беларусь украінскіх дзяцей, прэс-служба НАУ паведаміла “Позірку” 13 жніўня.

17 сакавіка 2023 года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмсілы дамагаюцца таго ж у адносінах да Лукашэнкі, чый рэжым таксама мае дачыненне да гэтага.

Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны ў Беларусь было вывезена не менш за 2,5 тыс. дзяцей з акупаваных РФ тэрыторый Украіны (паводле ацэнкі НАУ, не менш за 3,5 тыс.). Датычнымі да гэтай дзейнасці называюцца спартсмен-паралімпіец Аляксей Талай і яго фонд, ААТ “Беларуськалій”, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і інш. Ёсць пэўныя сведчанні, што ў Беларусі займаюцца “перавыхаваннем” прывезеных дзяцей у духу любові да РФ.

41-гадовы Талай і яго фонд, непасрэдны арганізатар вывазу ўкраінскіх дзяцей, былі ўключаны ў 13-ы пакет санкцый ЕС супраць РФ, прыняты 23 лютага 2024 года. Ён таксама быў унесены ў санкцыйны спіс ЗША, прыняты напярэдадні другой гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны РФ ва Украіне.

Беларусь “катэгарычна абвяргае галаслоўныя абвінавачанні” ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, заявіў прадстаўнік краіны падчас інтэрактыўнага дыялогу з вярхоўным камісарам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па правах чалавека Фолькерам Цюркам у рамках 56-й сесіі Савета ААН па правах чалавека.

Падзяліцца: