Мінск 10:24

Ад ліпеньскага ўрагану ў Беларусі пацярпела 415 устаноў адукацыі

Фота: mazyr.by

28 жніўня, Позірк. Ураган, які прайшоў у ліпені, пашкодзіў 415 адукацыйных устаноў, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 28 жніўня намеснік начальніка ўпраўлення развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы сістэмы адукацыі Міністэрства адукацыі Ігар Міцкевіч.

289 устаноў, паводле яго слоў, пацярпела ў Гомельскай вобласці. Апошнія “недахопы” ліквідаваныя да 27 жніўня, сказаў чыноўнік.

“Увесь гэты час мы штодня ажыццяўлялі кантроль, штодня прадастаўлялася аператыўная інфармацыя з абласцей, аператыўна вылучаліся сродкі з мясцовых бюджэтаў на ліквідацыю наступстваў”, — заявіў прадстаўнік ведамства.

Непагадзь 13 і 14 ліпеня ў Беларусі прывяла да маштабных пашкоджанняў у сістэме электраперадачы, парушэнняў водазабеспячэння, разбурэнняў. Больш за ўсё ад ураганнага ветру пацярпела Гомельская вобласць, дзе ўводзілі рэжым надзвычайнай сітуацыі.

У тыя дні праз непагадзь загінула сем чалавек.

Рэакцыя ўладаў была запозненая. Аляксандр Лукашэнка, які крытыкаваў чыноўнікаў і адначасова пераносіў некалькі разоў тэрміны ліквідацыі наступстваў, скардзіўся на безыніцыятыўнасць насельніцтва ў пераадоленні наступстваў урагану і патрабаваў прыцягнуць да работ зняволеных, у тым ліку палітычных.

Распараджэнне, якое дазваляе прыцягваць грамадзян да ліквідацыі наступстваў урагану, ён падпісаў 23 ліпеня.

Удзел у ліквідацыі наступстваў урагану ў Гомельскай вобласці прынялі “272 асобы з ліку спецкантынгенту”, паведаміў 25 ліпеня першы намеснік начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Іван Мысліцкі.

Пра тое, што праца дзяржаўнай сістэмы папярэджання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі “патрабуе ўдасканалення”, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак 1 жніўня. У гэты дзень прайшло пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях пры ўрадзе.

Падзяліцца: