Мінск 01:30

З красавіка ў Беларусі пацярпела не менш як 45 адзінак сельгастэхнікі

Ілюстрацыйнае фота: БелТА

16 верасня, Позірк. У першай палове верасня агнём было знішчана або пашкоджана не менш за дзесяць адзінак тэхнікі і абсталявання, якія належаць прадпрыемствам аграпрамысловага комплексу, сведчыць праведзены “Позіркам” маніторынг паведамленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Трактар МТЗ-3522 (2013 года выпуску) згарэў у полі 1 верасня ў Бярэзінскім раёне (Мінская вобласць).

На наступны дзень у выніку ўзгарання ў Нясвіжскім раёне (Мінская вобласць) знішчана кабіна, пашкоджаны маторны адсек і колы трактара МТЗ-1523 (2010) з паўпрычэпам.

4 верасня ў Лунінецкім раёне (Брэсцкая вобласць) агонь знішчыў кормаўборачны камбайн УЭС-2-250А “Палессе” (2008).

Збожжаўборачны камбайн КЗС-1218 “Палессе GS12” (2010) быў знішчаны 6 верасня ў Зэльвенскім раёне (Гродзенская вобласць).

У Слуцкім раёне (Мінская вобласць) 7 верасня быў знішчаны прычапны прэс-падборшчык Krone Comprima CF 155 XC (2019).

За два дні (9 і 10 верасня) сельгаспрадпрыемствы Мінскай вобласці страцілі два прэс-падборшчыкі “ПРА-155” (2013) — ва Уздзенскім і Капыльскім раёнах.

11 верасня ў выніку пажару ў зернесушыльным комплексе ў Маларыцкім раёне (Брэсцкая вобласць) знішчана транспарціровачная стужка, пашкоджаны транспарцёр і драўляны насціл.

У Кастрычніцкім раёне (Гомельская вобласць) 12 верасня знішчаны трактар МТЗ-3522 (2011).

Маторны адсек кормаўборачнага камбайна КВК-800 “Палессе FS80” (2013) быў пашкоджаны ў Шумілінскім раёне (Віцебская вобласць).

Акрамя таго, за 15 дзён верасня агнём было знішчана 255,5 т сена ў рулонах (у Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях), 781,6 т саломы ў рулонах (у Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Мінскай, Магілёўскай абласцях); пашкоджана дзве тоны зерня кукурузы.

Першае сёлета загаранне тэхнікі на аб’ектах АПК было зафіксавана 16 красавіка. У полі каля вёскі Браткава (Капыльскі раён) агнём быў знішчаны трактар МТЗ-3522 (2021). Гэта было адзінае такое здарэнне ў красавіку.

У траўні іх ужо было чатыры: знішчаны трактар МТЗ-3522 (2014), пагрузчык “Амкадор 332В” (2009), камбайн УЭС-2-250А “Палессе” (2008); знішчана кабіна, пашкоджаныя правае пярэдняе кола і маторны адсек яшчэ аднаго трактара.

Пяць выпадкаў трапіла ў зводку МНС у чэрвені: прыйшлі ў непрыдатнасць два камбайны КВК-800 “Палессе FS80”; знішчаныя кабіна і заднія колы трактара, пашкоджаныя маторныя адсекі двух камбайнаў, таксама прычэп для перавозкі грубых кармоў.

У ліпені і жніўні, як раней паведамляў “Позірк”, былі знішчаныя або пашкоджаныя не менш як 35 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі. Такім чынам, з красавіка па 15 верасня згарэла ці пацярпела мінімум 45.

53% пажараў, якія адбыліся сёлета на аб’ектах аграпрамысловага комплексу, звязана з “чалавечым фактарам”, паведаміў на прэс-канферэнцыі 18 ліпеня начальнік галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Турчын.

“З іх дзве траціны звязаныя з парушэннем правілаў эксплуатацыі электрасетак або электраабсталявання”, — сказаў прадстаўнік ведамства.

Паводле яго слоў, кіраўніцтву гаспадарак неабходна звярнуць увагу на “вартаўнічую ахову”, бо “бескантрольнасць прыводзіць да ўзгаранняў”, у тым ліку праз “свавольства дзяцей”.

Іншым фактарам пажаранебяспекі Турчын назваў “бескантрольнае выкарыстанне агню — паленне ў месцах складавання і правядзення зварачных работ”.

Падзяліцца: