Мінск 09:37

Ціханоўская заклікала палітэмігрантаў не наведваць Беларусь

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

17 верасня, Позірк. У кожнага беларуса, які пакінуў краіну з палітычных матываў, “ёсць прычыны для вяртання дадому”, але ў выпадку пагрозы “трапіць пад пераслед” лепш “не выпрабоўваць лёс” і не наведваць радзіму, заявіла ў відэазвароце 17 верасня дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Паводле слоў палітыка, кожнаму, хто пакінуў краіну, неабходна “берагчы сябе” і “вельмі сур’ёзна ўзважыць усе “за” і “супраць” перад паездкай у Беларусь”.

“Сёння рэжым зазывае нас дадому рознымі спосабамі. Стварае камісіі па вяртанні, абяцае прабачэнне ўсіх “грахоў”. Але ўсё гэта суцэльны падман: вам прапануюць альтэрнатыву, якой насамрэч няма. Усё скончыцца рэпрэсіямі, ледзьве вы перасячэ мяжу”, — сказала Ціханоўская.

Яна заклікала эмігрантаў “не рызыкаваць сабой і не паддавацца на хітрыкі прапаганды”.

“Усё роўна, як доўга вы адсутнічалі ў краіне — для рэжыму няма тэрміну даўнасці”, — падкрэсліла дэмлідар.

У 2023 годзе, адзначыла Ціханоўская, зафіксавана больш за 200 выпадкаў рэпрэсій супраць беларусаў пры вяртанні з-за мяжы.

Пра затрыманне з пачатку года больш за 55 чалавек пры наведванні Беларусі паведаміў 13 верасня праваабарончы цэнтр “Вясна. Супраць 17 з іх, паводле звестак праваабаронцаў, распачатыя крымінальныя справы.

Адзначалася, што лічба затрыманых можа быць большая.

Нагодамі для затрымання могуць стаць падпіска на незалежныя СМІ, фатаграфіі з пратэстаў, нацыянальная сімволіка і нават штампы ў пашпарце аб візітах ва Украіну, гаварылася ў рэлізе “Вясны”.

Суды над затрыманымі на мяжы Беларусі з ЕС “адбываюцца штомесяц”, адзначылі праваабаронцы, часцей за ўсё — у Брэсце (верагодна, гаворка аб адміністрацыйных артыкулах. — “Позірк”.).

У прыватнасці, 30 жніўня пасля вяртання ў краіну была затрыманая Кацярына Быстрякова. У яе тэлефоне сілавікі выявілі “доказы ўдзелу ў пратэсце”, адзначаюць праваабаронцы.

У ліпені паведамлялася аб затрыманні стваральніцы чата “Беларусы Tarnogaj” (раён ва Уроцлаве), якая вярнулася з Польшчы, адміністратара чатаў “Белорусы в Португалии” і “Белорусы на Мадейре” Дзмітрыя Гярко, у траўні — аб затрыманні жанчыны, якая адміністравала чат дыяспары “Беларусы ў Турцыі”.

Праваабаронцы нагадваюць, што для людзей, якія ўдзельнічалі ў паслявыбарчых пратэстах у 2020 годзе, ахвяравалі беларускім ініцыятывам або арганізацыям, пакідалі каментары ў інтэрнэце, падтрымлівалі палітвязняў, вяртацца на радзіму небяспечна.

Падзяліцца: